22 снежня 2024, Нядзеля, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганна Фатыга: Словы Лукашэнкі - свайго кшталту гульня

1
Ганна Фатыга: Словы Лукашэнкі - свайго кшталту гульня
ГАННА ФАТЫГА

Беларускі дыктатар павінен ведаць, што палякі будуць бараніць сваю краіну.

Як трэба рэагаваць на заявы Лукашэнкі пра Сувалцкі калідор? Ці гатовыя ў NАТО да абароны ўсходніх рубяжоў Альянсу?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з дэпутаткай Еўрапейскага парламента, былой міністаркай замежных спраў Польшчы Ганнай Фатыгай.

- Ці атрымае Украіна дастатковую дапамогу ад ЗША, перш чым наступіць такі момант, калі давядзецца здаць ворагу больш тэрыторый?

- Спадзяюся, да такога моманту не дойдзе. Думаю, што гэты час - вельмі небяспечны выклік для ўсяго свету. Калісьці свет змог мабілізавацца супраць Гітлера і пакласці канец той жудаснай вайне, у тым ліку праводзячы адпаведную палітыку ў дачыненні да агрэсара. Цяпер неабходныя такія дзеянні супраць агрэсара - Расейскай Федэрацыі і яе памагатых. Адным з іх з'яўляецца рэжым Лукашэнкі. Акрамя таго, рэжым дзейнічае вельмі радыкальна, чынячы велізарныя злачынствы супраць уласнага грамадства - гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя.

Раней я правяла шэраг сустрэч у Вашынгтоне ў сур'ёзных аналітычных цэнтрах, Дзяржаўным дэпартаменце, Кангрэсе і Сэнаце. Я разумела, што справа дойдзе да прарыву ў дачыненнях да зацвярджэння новага пакета дапамогі. Я ведаю, што пэўная мабілізацыя прысутнічае: Вярхоўны гетман аб'яднанымі ўзброенымі сіламі ў Еўропе генерал Кавалі, выступаючы перад камітэтам Кангрэса, заявіў, што гэтая дапамога неабходна і адзначыў, што ніякая дрэнная дамова («брудная ўгода») не ўтаймуе апетыт Пуціна, а толькі дасць Расеі час, каб падрыхтаваць больш маштабны напад на Украіну, паглынуць Беларусь або атакаваць NАТО. На мой погляд, не варта даваць Расеі магчымасці і час на збіранне сіл.

- А ў Еўропы ёсць магчымасці падтрымліваць Украіну?

- Цэнтральная Еўропа мае досвед падпарадкавання Савецкаму Саюзу і, мяркую, больш рэалістычна ацэньвае небяспекі і выклікі. Сапраўды, у параўнанні з некалькімі гадамі раней, сітуацыя ў Заходняй Еўропе змянілася, аднак, баюся, гэтыя змены тычацца галоўным чынам сферы заяў. Хаця пастановы аб выдзяленні фінансавых рэсурсаў прымаюцца, высвятляецца (як, напрыклад, у выпадку з заявамі аб пастаўцы боепрыпасаў), што прынятыя намаганні вельмі недастатковыя, каб выканаць уласныя абяцанні. Такім чынам, для еўрапейскай бяспекі неабходна падтрымка Злучаных Штатаў.

Іншая праблема - гэта рэсурсы, якімі валодае свет, колькасць канфліктаў, з якімі яму даводзіцца мець справу. Гэта галаваломка для Вашынгтона. Гэтыя цяжкасці звязаны не толькі з палітычнай воляй. Тут ёсць і аб'ектыўныя чыннікі.

- Лукашэнка разважаў аб магчымым нападзе на Сувалцкі калідор, казаў, што рыхтуецца да вайны. Як вы маглі б пракаментаваць гэтыя агрэсіўныя заявы?

- Я вельмі асцярожная ў каментаванні такіх выказванняў. Палітыкі, падобныя да Лукашэнкі, любяць узмацняць пачуццё ўласнай значнасці заявамі, для таго, каб выклікаць замяшанне ці нават страх у асобных колах.

Падобныя заявы ўзмацняюць спрэчкі аб тым, што Захаду неабходна ўступіць у перамовы з РФ за спінай Украіны ці ціснуць, каб Украіна ўступіла ў перамовы з Крамлём. У кожным выпадку, на гэтым этапе вайны такое пагадненне было б саступкай Расеі і яе супольнікам.

Словы Лукашэнкі - свайго кшталту гульня. Збольшага, гэта яшчэ і спроба запалохаць грамадства ўнутры, асабліва людзей польскага паходжання, якія пражываюць у Беларусі. З моманту пачатку гэтага поўнамаштабнага ўварвання Лукашэнка спрабаваў такім чынам падзяліць грамадства і рабіў нападкі ў бок польскай грамады. Гэта заўсёды выклікае неспакой і пэўныя асцярогі сярод польскага грамадства.

Не хацелася б гучаць занадта рэзка, але вайсковыя экспэрты ведаюць розніцу ў патэнцыялах. Сувалцкі калідор з'яўляецца часткай тэрыторыі NАТО.

- На вашую думку, у выпадку нападу будзе салідарнасць усяго NАТО?

- Падчас нашага кіравання мы заўсёды былі рэалістамі. Мы ведалі, што вялікая салідарнасць узнікае тады, калі такі супольнік, як Польшча, сур'ёзна ставіцца да сваіх абавязкаў, не чакаючы, пакуль іншыя абароняць яе. І мы не будзем чакаць, пакуль іншыя абароняць нас.

Прэзідэнт ЗША заявіў, што гарантыі ў дачыненні да Польшчы з'яўляюцца жалезнымі гарантыямі. І мы, ведаючы гэта, мелі намер і маем намер узбройвацца да зубоў, падвышаць падрыхтоўку, займацца цывільнай абаронай.

У польскіх сем'ях ёсць разуменне таго, што ім, магчыма, давядзецца абараняць сваю краіну. Мы ніколі ні на каго не нападзём, але мы будзем абараняцца. І кожны з нас будзе бараніць Польшчу. Так што было б добра, калі б Лукашэнка пра гэта ведаў.

- Як вы б ацанілі пагрозу ўсходняму флангу NАТО цяпер і ў сярэднетэрміновай перспектыве? Якія дзеянні NАТО маглі б зменшыць гэтую пагрозу?

- Усё залежыць ад таго, як будуць развівацца падзеі. Украінцы жадаюць ваяваць і абараняць сваю краіну. Расейцы таксама ўсё часцей адчуваюць на сваёй тэрыторыі, што іх краіна з'яўляецца агрэсаркай і знаходзіцца ў стане вайны. Няма сумневаў, што ўкраінскі народ не можа сабе ўявіць ніякай капітуляцыі. Няма сумневаў, што добрая, маштабная дапамога Украіне ў гэты час, якая дазволіла б ёй пачаць сур'ёзны контрнаступ, зменшыла б непасрэдную пагрозу. Укладанне якіх-небудзь пагадненняў з Пуціным дала б Расейскай Федэрацыі час на збіранне сіл.

Трэба ўсведамляць, мы жывём падчас доўгатэрміновай пагрозы, якая будзе мяняць свой характар у залежнасці ад развіцця падзей. Расея не адмовілася ад сваіх агрэсіўных планаў. Яна не задаволіцца часткай Украіны. Апетыт Крамля ідзе значна далей. Акрамя таго, назіраецца кансалідацыя блока аўтарытарных лідараў, дзеянні якіх шмат у чым накіраваныя супраць калектыўнага Захаду.

Як палітык, які працуе ў сферы бяспекі, я буду рабіць усё магчымае, каб знізіць такую пагрозу - і гэта выключае дамоўленасці з Пуціным ці з Лукашэнкам. Я абсалютна ўпэўненая, што метады стрымлівання могуць быць эфектыўнымі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках