3 лiпеня 2024, Серада, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Магчыма, наперадзе забарона на выезд за мяжу»

17
«Магчыма, наперадзе забарона на выезд за мяжу»

Беларусы ўцякаюць ад размеркавання па-лукашэнкаўску.

У Ляхавічах паказальна судзілі выпускніка, які не прыйшоў працаваць па размеркаванні. Судзілі ў мясцовым каледжы ў прысутнасці студэнтаў, сабраўшы поўную залу, піша «Салiдарнасць».

Сэнс чарговай публічнай лупцоўкі, а інакш гэтае дзейства не назавеш, празрыста ясны: запалохаць патэнцыйных адмоўнікаў ад размеркавання. Прымусіць задумацца аб наступствах да таго, як запаветны дыплом апынецца ў руках у маладога спецыяліста.

Дзяржава гэтым самым кажа: са мной жарты дрэнныя, рабі, што табе гавораць. Бо ў мяне ёсць пракуроры і суддзі. Дзяржава пры гэтым напэўна думае, што дэманструе сваю сілу.

І памыляецца.

Насамрэч падобныя судзілішчы дэманструюць бяссілле ўлады, яе недзеяздольнасць. Гэтыя паводзіны таго, хто прайграў, а не пераможцы.

І ў гэтым выпадку пройгрыш здарыўся даўно, ён аформіўся ў той момант, калі ў краіне наважылі ўвесці прымусовае размеркаванне. Больш за тое, дзяржава прайграла тут мінімум двойчы.

Пункт першы. Агульнавядомы факт: прымусовая праца значна менш эфектыўная, чым праца добраахвотная.

Пункт другі. Дзяржава такім чынам распісваецца ў сваёй няздольнасці забяспечыць і гарантаваць базавыя патрэбы сваіх грамадзян, іх права на працу, прапісанае ў Канстытуцыі.

Яно павінна стварыць умовы, пры якіх пераважная большасць выпускнікоў ВНУ і каледжаў не захоча з'язджаць на заробкі за мяжу, таму што гэта можна будзе зрабіць і дома.

Але замест гэтага дзяржава прымушае іх вярнуць грошы за вучобу, якія ў бюджэт склалі іх бацькі, плацячы ўсё жыццё падаткі.

З раю не бягуць, становячыся ў чарзе за апастылем. А ад змушанага жыцця ў глухой правінцыі, жабрацкіх заробкаў і жудасных бытавых умоў – шматгадовага фірмовага знака размеркавання па-лукашэнкаўску – бягуць, адкупляюцца вялікімі грашыма.

Магчыма, публічныя судзілішчы – гэта толькі пачатак. Магчыма, наперадзе забарона на выезд за мяжу для тых, хто не адпрацаваў дыплом. Ці будзе ад гэтага карысць? Глядзі пункт першы: праца з-пад палкі – доля слабой, неэфектыўнай і безадказнай дзяржавы.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках