3 лiпеня 2024, Серада, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі зарэгістравалі 23 тэмпературныя рэкорды за дзень

У Беларусі зарэгістравалі 23 тэмпературныя рэкорды за дзень

Усе яны былі ўсталяваныя 30 чэрвеня.

Спякота ў Беларусі ўстанавіла 23 рэкорды 30 чэрвеня. Акрамя таго, тры рэкорды мінулых гадоў паўтарыліся ў гэты дзень. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал nadvorie.

Слупкі тэрмометраў па ўсёй краіне падняліся вышэй за адзнаку 30°C. Аднак абсалютны рэкорд выстаяў: у Васілевічах у 1917 годзе ў гэты дзень паветра распалілася да +34°C.

Найбольш спякотна ў апошні дзень чэрвеня было ў Жыткавічах. Там тэрмометры паказалі 33,5°C. Да гэтага рэкордным быў паказнік 1940 года, калі ў гэтым горадзе спякота дасягнула 30,9°C.

У Лельчыцах 30 чэрвеня было +33,1°C. Раней рэкорд быў устаноўлены ў 2021 годзе, тады паветра прагрэлася да +30,6°C.

У Пінску таксама быў пабіты рэкорд 2021-га (+31,8°C), там напярэдадні была спякота +32,9°C.

У пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці 30 чэрвеня зафіксавалі тэмпературу +32,8°C (да гэтага рэкордным быў 2010 год з паказнікам +30,1°C).

Рэкордная спякота назіралася і ў такіх гарадах, як Івацэвічы +32,8°C (+32,2°C у 2019-м), Мазыр +32,7°C (+31°C у 1999-м), Гомель +32,7°C (+31,5°C у 1973-м), метэастанцыя «Палеская» +32,6°C (+30,9°C у 2021-м), Жлобін +32,5°C (+30,9°C у 1999-м), Брагін +32,4°C (+30,7°C у 1973-м), Магілёў +31,8°C (+30,2°C у 1959-м), Гародня +31,7°C (+31,2°C у 2019-м), Ліда +31,6°C (+31,1°C у 1997-м).

У Ганцавічах таксама пабіты папярэдні рэкорд спякоты, там 30 чэрвеня было +31,2°C, а да гэтага гарачэй за ўсё ў апошні дзень чэрвеня было ў 2021-м, калі паветра прагрэлася да +30,6°C.

Таксама новыя тэмпературныя рэкорды ўстаноўленыя ў Стоўбцах +31,2°C (+30,9°C у 1997-м), Бабруйску +31°C (+29,6°C у 1981-м), Слуцку +31°C (+29,9°C у 2021-м), Касцюковічах +31°C (+30,3°C у 1999-м), у Клічаве +30,8°C (+29,3°C у 1981-м), Беразіно – +30,6°C (+30,1°C у 2016-м), Вілейцы +30,2°C (+29,8°C у 2019-м), Мсціславе +29,4°C (+26,8°C у 2014-м), Лепелі +29,1°C (+28,5°C у 1997-м).

Паўтарыўся рэкорд у Пружанах. Там напярэдадні тэрмометры паказалі +32,9°C, столькі ж было ў гэты дзень у 2022 годзе.

Таксама паўтарэнне рэкорднай спякоты зафіксавалі ў Оршы і Сянно +28,9°C (такая самая тэмпература паветра была ў абодвух населеных пунктах у 1981-м).

Паводле прагнозаў, спякота ў Беларусі на некалькі дзён спадзе, але пасля вернецца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках