3 лiпеня 2024, Серада, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Біржавыя кошты бензіну ў РФ падскочылі на 20% за месяц

Біржавыя кошты бензіну ў РФ падскочылі на 20% за месяц

Расейскія НПЗ сталі мішэнню для ўкраінскіх беспілотнікаў.

У панядзелак, 1 ліпеня, на гандлі Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы кошт бензіну «Прэміум-95» дасягнуў 63958 рублёў за тону – самага высокага ўзроўню з сакавіка – і ледзь не абнавіў рэкорд больш чым за 9 месяцаў.

З пачатку чэрвеня бензін АІ-95 падаражэў на біржы амаль на 8 тысячаў рублёў за тону, ці 22%. Рост коштаў «Рэгуляру-92» крыху сціплейшы – на 17% за месяц, да 54364 рублёў за тону.

Пры тым што попыт на бензін на біржы рос, нафтавыя кампаніі ў чэрвені зніжалі яго продаж, расказала «Коммерсанту» знаёмая з сітуацыяй крыніца. Паводле яе словаў, вытворчасць бензіну на НПЗ у мінулым месяцы была ніжэйшай за план ураду на 7%, а нафтавыя кампаніі былі вымушаныя распрадаваць запасы: за першую палову месяца яны скараціліся амаль на 30 тысячаў тонаў.

Паводле звестак Bloomberg, аб'ёмы перапрацоўкі нафты ў Расеі ў чэрвені сталі самымі нізкімі з 2022 года пасля таго, як у канцы траўня ўсталі два буйныя НПЗ «Раснафты» – Туапсінскі і Камсамольскі. Першы з іх другі раз з пачатку года пацярпеў ад нападу ўкраінскіх дронаў, праз якія ўжо спыняў вытворчасць зімой. Тады на аднаўленне завода ад пажару спатрэбілася больш за тры месяцы.

Усяго ў чэрвені прастойвала 15,5% магутнасцяў расейскіх НПЗ, або 4,1 млн тонаў – удвая больш, чым у траўні, падлічыў Reuters. Афіцыйная аператыўная статыстыка выпуску НПЗ з канца траўня засакрэчаная: Мінэнэрга перастала падаваць штотыднёвыя звесткі ў Расстат, спасылаючыся на «геапалітычную сітуацыю» і неабходнасць абараніць рынак ад пагрозы «маніпуляцый».

Услед за аптовымі коштамі бензін даражэе ўраздроб: паводле звестак Расстата, за тыдзень, які закончыўся 24 чэрвеня, сярэдні кошт паліва на АЗС стаў большы на 0,41% – максімальную велічыню з леташняй восені. Гэта абяцае эканоміцы далейшы разгон інфляцыі, якая ўжо знаходзіцца на самым высокім узроўні з лютага 2023 года (8,6 адсотка, паводле звестак Мінэканамразвіцця).

Падаражанне бензіну можа павесці за сабой кошты «шырокага кола тавараў», папярэджвае Наталля Арлова, галоўная эканамістка Альфа-банка: «Гэтая тэндэнцыя асабліва негатыўная ў спалучэнні з праяўленым нядаўна ростам інфляцыйных чаканняў прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы».

Ліпень і жнівень, хутчэй за ўсё, прынясуць палягчэнне расейскай паліўнай галіне, мяркуюць аналітыкі Kpler: «Лукойл» аднавіў пацярпелую ад беспілотнікаў ўстаноўку перапрацоўкі нафты на Ніжагародскім НПЗ, які ўваходзіць у топ найбуйнейшых і выпускае 10% усяго бензіну ў краіне. Акрамя таго, «Раснафта» перазапусціла адну з установак Сызранскага НПЗ, якая прастойвала з сярэдзіны сакавіка. Адносна чэрвеня нафтаперапрацоўка можа павялічыцца на 8,5%, да 5,6–5,7 млн бараляў за дзень, прагназуе Kpler.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках