25 кастрычнiка 2024, Пятніца, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алеся Яхно: Украіна чакае ад NATO трох крокаў

2
Алеся Яхно: Украіна чакае ад NATO трох крокаў
АЛЕСЯ ЯХНО

На саміце Альянсу можа быць прыняты шэраг непублічных пастаноў.

9 ліпеня ў Вашынгтоне стартаваў 75-ы юбілейны саміт NATO, які працягнецца да 11 ліпеня.

Украінская палітолаг і журналістка Алеся Яхно расказала сайту Charter97.org, якіх практычных крокаў ад хаўруснікаў чакаюць ва Украіне:

- Для нас важнымі на гэтым саміце з'яўляюцца тры складнікі. Гэта кароткатэрміновыя пастановы - тое, што трэба Украіне проста на сёння, з улікам існых ваенных рызык. Мы бачым, што Расея актывізавала ў апошні час ракетныя атакі - непасрэдна напярэдадні саміту быў зроблены масаваны абстрэл Украіны. Гэта паказвае, чаго вартыя словы Крамля аб міры і перамоўным працэсе, усе гэтыя заявы носяць характар ультыматуму і шантажу. Проста зараз Украіне патрэбныя сродкі СПА, дальнабойныя ракеты і самалёты.

Другі кірунак, які не менш важны, гэта сярэднетэрміновыя перспектывы, інструменты, якія забяспечваюць бесперапынны працэс узаемадзеяння і дапамогі Украіне. Гэта не павінна залежаць ад палітычных фактараў, якія могуць быць ці ў ЗША, ці ў Нямеччыне, ці ў Францыі, ці недзе там яшчэ.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што саміт NATO павінен забяспечыць пракладанне «моста» да сяброўства Украіны ў Альянсе. Гэта такі заменнік ПДС, плана непасрэдных дзеянняў па сяброўстве ў арганізацыі. Тут важны фармат, які б забяспечваў сталае ўзаемадзеянне Украіны з NATO і істотна набліжаў і інтэграваў нашу краіну ў Альянс.

У гэтым плане варта адзначыць стварэнне місіі, якая будзе працаваць у Нямеччыне пад эгідай Альянсу і будзе каардынаваць усю дапамогу Украіне. Такая місія якраз павінна пазбавіць ад уплыву пэўных палітычных фактараў і павысіць аператыўнасць паставак з боку розных краін. Гэта менавіта тая пастанова, якая можа паўплываць на істотнае ўзмацненне абароназдольнасці Украіны, таму яна выклікала такую дастаткова балючую рэакцыю з боку Расеі.

Трэці важны для нас кірунак - доўгатэрміновыя перспектывы. Гэта такі стратэгічны ракурс, які датычыцца гатоўнасці Альянсу бачыць Украіну часткай блока. На сёння, як мы ведаем, з гэтай нагоды няма адзінства ўнутры блока, больш за тое, яго няма сярод буйных краін. Эмануэль Макрон адкрыта заявіў, што такія сігналы ідуць з боку ЗША і Нямеччыны.

Магчыма, яны мяркуюць, што ў разгар вайны варта сканцэнтравацца на канкрэтнай вайсковай дапамозе, якая дапамагла б змяніць баланс сіл на фронце. Але для нас важна, каб нягледзячы на адсутнасць адзінства сярод ключавых гульцоў у пытанні сяброўства Украіны ў NATO, сітуацыя рухалася ў бок узмацнення Украіны. Дэ-юрэ мы хоць і не мелі б запрашэння на сяброўства, але дэ-факта рухаліся ў гэтым кірунку, умацоўвалі ўзаемадзеянне і партнёрскія сувязі.

- Саміт праходзіць на фоне варварскай атакі расейцаў на дзіцячую лякарню ў Кіеве. Як гэты фактар паўплываў на ўдзельнікаў сустрэчы?

- Расея хацела паказаць, што вайна будзе насіць самы варварскі характар, калі пакутаваць будуць усе. Але тут нават не ідзе размова аб вайсковых аб'ектах, РФ мэтанакіравана знішчае цывільную інфраструктуру, каб прасоўваць наратыў, што трэба заканчваць вайну на ўсякіх умовах, гэта значыць на ўмовах Расеі.

Удары па ўкраінскіх медыцынскіх установах - гэта проста спроба напалохаць. У Расеі мяркуюць, што такім чынам Украіну можна падштурхнуць да капітуляцыі. Крэмль стандартна спрабуе дзейнічаць з пазіцыі сілы, разумеючы, што на Захадзе паступова фармуецца ідэя непазбежнасці і безальтэрнатыўнасці надання Украіне большай вайсковай дапамогі для таго, каб пачаўся рэальны мірны працэс.

На Захадзе ўсё больш гавораць, што ідуць дзве вайны: не толькі гарачая ва Украіне, але і гібрыдная ў саміх еўрапейскіх краінах. Мы чулі шмат заяў аб падпалах у Польшчы і краінах Балтыі, аб сталых сутыкненнях з нелегальнымі мігрантамі на ўсходніх межах Еўразвязу. Дайшло да таго, што з'явілася рызыка тэракту на амерыканскіх вайсковых аб'ектах у Еўропе, Напрыклад, у Нямеччыне. Я думаю, што ўсё гэта звязанае з тым, што Расея разумее, што Захад набліжаецца да якаснага і колькаснага павелічэння дапамогі Украіне.

Гэта сапраўды можа кардынальна паўплываць на сітуацыю на фронце, а галоўнае - зламаць гэты падыход, на які Расея марнуе сілы і рэсурсы, што міру можна дасягнуць толькі праз гэтыя ўльтыматыўныя прапановы Пуціна. Важна тут звярнуць увагу на заяву, што Польшча можа збіваць ракеты, якія будуць ляцець з боку Расеі. Гэта набліжае пастанову наконт СПА, якая не будзе знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, але будзе збіваць ракеты, якія ляцяць на нас.

Калі сапраўды будзе прынятая пастанова хаця б частковага закрыцця неба з боку краін-суседзяў, калі будуць навучацца ўкраінскія вайскоўцы на Захадзе, калі заходнія вайскоўцы будуць ва Украіне і калі мы атрымаем магчымасць біць па вайсковых цэлях у Расеі, гэта сапраўды можа кардынальна паўплываць на ход вайны і дасягненне міру.

Я думаю, усе бачаць па гэтых атаках, у тым ліку — і па ўнікальнай дзіцячай лякарні «Ахматдзет», што ўсе гэтыя размовы аб перамовах з боку Кітая, Расеі, Орбана, не пра мір. Расея не хоча справядлівага міру, яна нават не хоча замарожвання канфлікту. Але калі Захад праявіць рашучасць, пераадолее гэты псіхалагічны бар'ер і сапраўды дасць усю неабходную дапамогу Украіне, то гэта хутчэй наблізіць заканчэнне вайны і створыць умовы для рэальнага мірнага працэсу.

Можа быць прыняты шэраг і непублічных пастаноў, якія будуць датычыць якраз вось гэтага варыянту абароны. Не толькі Украіны, але і краін Усходняй Еўропы. Тут можа быць значна большае ўзаемадзеянне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках