NATO правядзе вучэнні па мінаванні Балтыйскага мора
2- 10.07.2024, 19:48
- 1,828

Пра гэта паведаміў намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы.
Польшча правядзе вучэнні па размяшчэнні мін у Балтыйскім моры, заявіў намеснік міністра нацыянальнай абароны рэспублікі Павел Залеўскі.
«Мы ўмацоўваем абарону краін NATO ў Балтыйскім моры. Ад імя міністэрства нацыянальнай абароны з нагоды саміту NATO, які пачынаецца заўтра ў Вашынгтоне, я падпісаў ліст аб намерах наконт супольных закупаў марскіх мін і вучэнняў ВМС па іх усталяванню», - напісаў Залеўскі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X.
Апошнія маштабныя вучэнні NATO ў Балтыйскім моры прайшлі летась у верасні. Вайскова-марскія падраздзяленні краін Паўночнаатлантычнага альянсу правялі манеўры ля берагоў Эстоніі і Латвіі. Мэтай вучэнняў была адпрацоўка дзеянняў у выпадку магчымай агрэсіі з боку Расеі.
Вучэнні, якія атрымалі назву «Паўночнае ўзбярэжжа», доўжыліся два тыдні і прадугледжваюць удзел амаль 30 караблёў і больш чым 3000 вайскоўцаў з усіх краін NATO, размешчаных у раёне Балтыйскага мора.
Расея пачала рэгулярна праводзіць вайсковыя манеўры ў Балтыйскім моры з пачатку года. У канцы чэрвеня караблі Балтфлоту падчас вучэнняў адпрацавалі адбіццё налёту беспілотнікаў і безэкіпажных катараў умоўнага супраціўніка, а таксама выканалі практыкаванні ва ўсталяванні радыёэлектронных перашкод.
Акрамя таго, расейскія вайскоўцы адпрацавалі ўдары па «атрадзе баявых караблёў умоўнага супраціўніка». Навучальныя стрэльбы выканаў ракетны катар «Дзімітраўград» з выкарыстаннем комплексу «Маскіт».
Вучэнні, якія адбыліся ў чэрвені, сталі другімі за апошні месяц для расейскага флоту ў Балтыйскім моры. 1 чэрвеня падлодка «Мажайск» выканала тарпедныя стрэльбы па субмарыне ўмоўнага супраціўніка.
У канцы сакавіка экіпажы дзвюх расейскіх падводных лодак Балтыйскага флоту адрэпетавалі на вучэннях падводную дуэль. Падлодка «Мажайск» утоена ўвайшла ў пазначаную зону і з выгоднай пазіцыі тарпедай умоўна атакавала субмарыну патэнцыйнага супраціўніка. Падлодка «Дзмітраў», манеўруючы, ухілілася ад агню і правяла ўмоўную контратаку.