17 лiпеня 2024, Серада, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лукашэнкі знайшлі ўласны аэрапорт

21
У Лукашэнкі знайшлі ўласны аэрапорт

На яго рамонт пайшлі дзясяткі мільёнаў даляраў.

На фестывалі «Александрыя збірае сяброў» Лукашэнка, акрамя прызнання праблем са здароўем, прамовіў наступную фразу:

- І, вяртаючыся дадому (з саміту ШАС - заўв.), я загадзя запланаваў, што павінен прызямліцца тут (аэрапорт добры), бо на ўсходзе вельмі шмат назапасілася спраў. І адсюль у найбліжэйшыя часы буду працаваць, глядзець, як мы рыхтуемся да ўборкі ўраджаю.

Што яшчэ за «добры аэрапорт»? Гэта аэрапорт у пасёлку Балбасаве - за 16 км ад вёскі Александрыі, піша «Салiдарнасць».

То бок, Лукашэнка па вяртанні з Астаны змог, не залятаючы ў Менск, прызямліцца на сваім «Боінгу» каля роднай вёскі і ўжо праз 15 хвілін язды на аўтамабілі апынуцца ў адной са сваіх шматлікіх «рэзідэнцый»!

Як гэта стала магчымым? Паводле легенды, былы вайсковы аэрадром у пасёлку Балбасаве пастанавілі рэканструяваць у рамках развіцця маштабнага праекта мультымадальнага лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша», за якім стаяць набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы.

Заяўлялася, што новая ўзлётна-пасадачная паласа ў Балбасаве і спадарожная інфраструктура стануць падмогай для праекта, які збіраўся працаваць з кантэйнернымі транзітнымі грузамі ў кірунку Кітая.

Лукашэнка з самага пачатку не мог схаваць асабістай цікавасці да будаўніцтва новага аэрапорта. У 2018-м ён прыехаў у Балбасава і заявіў, што гэты аб'ект будзе «адным з найлепшых у нашай краіне».

Але, вядома, Лукашэнка не сказаў, што аэрапорт будзе выкарыстоўвацца для яго ўласных мэт:

- Адсюль будуць вывозіцца тавары беларускай вытворчасці. Тут цудоўная лагістыка — сусветнага ўзроўню аўтамабільная траса, чыгуначны вузел, будзе паветраная гавань і лагістыка па паветры.

Грошы на будаўніцтва аэрапорта (ён стаў Аршанскім філіялам РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» - адсюль да Воршы 12 км) выдзелілі вялікія. У 2019-м паведамлялася, што Банк Развіцця (заснавальнікі - урад і Нацбанк) выдасць крэдыт да $43,6 млн.

Адсоткі па крэдыце выплачваліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і нейкага «дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду цывільнай авіяцыі і пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду Мінтранспарту і камунікацый».

Да канца 2020 года новы аэрадром каля роднай вёскі Лукашэнка быў гатовы. З таго часу на ім перыядычна прызямляецца борт №1. Кіраўніку гэта вельмі зручна: можна з-за мяжы адразу прыляцець на адпачынак у Александрыю, а можна і наадварот - з вёскі махнуць за мяжу, не марнуючы час на паездку да Менска.

Зручна і яго сябрам. Напрыклад, у 2023-м сюды некалькі разоў прылятаў расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў.

А што ж з бізнэс-выкарыстаннем аэрадрома, для чаго афіцыйна і ладзілі яго рэканструкцыю?

На паперы прапускная здольнасць новага міжнароднага аэрапорта складае ад 6 да 12 грузавых самалётаў тыпу «Боінг-747» на дзень. На практыцы: летась «Ворша» прыняла і адправіла ўсяго 49 грузавых самалётаў. З улікам закладзенай прапускной здольнасці - гэта менш за тыдзень нармальнай загрузкі.

Што, вядома, нядзіўна. Справа не толькі ў вайне і еўрапейскіх санкцыях (у тым ліку ў санкцыях супраць «Брэміна груп»), якія прымусілі забыцца пра мары аб выкарыстанні міжнародных грузавых калідораў «Берлін - Масква» і «Хельсінкі - Адэса».

Не сакрэт, што авіяперавозкі - самы дарагі спосаб транспартавання тавараў. З гэтай прычыны будаўніцтва новага аэрапорта ў Балбасаве першапачаткова выглядала сумнеўнай ідэяй. І на ўсялякі выпадак нагадаем, што даўно пустуюць аэрадромы ў Магілёве і Віцебску.

Але Лукашэнку рады. Пасля таго, як дзяржава выдаткавала некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў, ён можа лятаць на самалёце ў родную вёску.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках