Чарга з цяжкавікоў на 14 кіламетраў: што адбываецца на мяжы Беларусі і Польшчы
13- 11.07.2024, 12:12
- 22,160
Рух практычна спыніўся.
Беларуская мытня ўчора, 10 ліпеня, заявіла, што Польшча закрыла ўезд для беларускіх фургонаў на пераходзе «Кукурыкі - Казловічы». Адзначым, гэта адзіны пункт пропуску для грузавога транспарту.
Пазней Польшча зняпраўдзіла заяву беларускага боку, што мяжа закрытая, але ясна дала зразумець, што ўвяла неафіцыйную забарону - значна знізіла пропуск цяжкавікоў з Беларусі.
Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі 10 ліпеня афіцыйны прадстаўнік Люблінскага аддзялення падатковай управы Міхал Дзерусь, піша RMF24.
Дзярусь растлумачыў, польскі бок праводзіць кантроль тавараў у сувязі з набыццём моцы новых санкцый ЕЗ.
«Мытна-фіскальная служба правярае тавары, якія перавозяцца, на адпаведнасць дзейным польскім і еўрапейскім нормам, што ўплывае на колькасць афармленых грузавых аўтамабіляў на грузавым пагранічным пераходзе «Кукурыкі-Казловічы» з тэрміналам у Карошчыне і на пасажырскім пагранічным пераходзе ў Тэрэспалі», - сказаў Дзерусь.
Варта адзначыць, што ўчора, калі беларускі бок заяўляў аб «закрыцці пераходу», уезду ў Польшчу чакалі амаль 600 грузавікоў. Сёння ж чарга павялічылася. На момант напісання артыкула выезду з Беларусі чакалі 800 фургонаў.
У чатах для дальнабойнікаў пішуць, што чэргі дасягаюць 14 кіламетраў.
