13 студзеня 2026, aўторак, 2:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША папярэдзілі Індыю пасля візіту Модзі ў Маскву

4
ЗША папярэдзілі Індыю пасля візіту Модзі ў Маскву
ФОТА: EPA – ELTA

Крэмль будзе дзейнічаць у інтарэсах Кітая.

Супольнікі Украіны спрабуюць пераканаць "прыязныя" Расеі краіны ў тым, што ім не варта яе падтрымліваць. Кітай можа страціць эканамічна праз пагаршэнне стасункаў з Еўразвязам, сваім найбуйнейшым гандлёвым партнёрам. Індыі ж не варта спадзявацца на развіццё доўгатэрміновых дачыненняў з Масквой, бо тая зараз моцна залежыць ад Пекіна і будзе дзейнічаць у яго інтарэсах - і супраць інтарэсаў Дэлі, папярэдзілі ЗША.

Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі на гэтым тыдні прыехаў у Маскву - акурат тады, калі ў Вашынгтоне сабраўся саміт NATO. Гэта зрабіла непрыемнае ўражанне ў Белым доме, асабліва выява, якая суправаджала візіт - шчырыя абдымкі паміж Модзі і Уладзімірам Пуціным, паведаміла The Washington Post са спасылкай на прадстаўнікоў адміністрацыі Джо Байдэна. Адказваючы на пытанне аб перамовах паміж лідарамі Індыі і Расеі, дарадца ў нацыянальнай бяспецы Белага дома Джэйк Саліван заявіў:

"Мы дакладна далі зразумець кожнай краіне ў свеце, уключаючы Індыю, што стаўка на Расею як доўгатэрміновага, надзейнага партнёра - нядобрая стаўка".

Расея становіцца ўсё бліжэйшай

да Кітая, растлумачыў Саліван, які, як паведамляе NDTV, месяц таму сустракаўся ў Дэлі са сваім індыйскім калегам і Модзі: “Фактычна, яна становіцца малодшым партнёрам Кітая. І ў гэтым сэнсе будзе прымаць бок Кітая і аддаваць перавагу яго Індыі кожны дзень тыдня”.

У Вашынгтоне разумеюць, што Дэлі ўстурбаваныя збліжэннем Расеі, даўняга партнёра Індыі яшчэ з савецкіх часоў, з Кітаем, дадаў Саліван: "Вядома, прэм'ер-міністр Модзі вельмі заклапочаны магчымасцю кітайскай агрэсіі супраць Індыі". У апошнія гады паміж краінамі склаліся асабліва напружаныя стасункі пасля вайсковага канфлікту на мяжы ў 2020 г.

Паездка Модзі часткова тлумачыцца жаданнем пацвердзіць статус-кво ў двухбаковых стасунках і абмежаваць уплыў Кітая, казалі экспэрты напярэдадні візіту. «Паглыбленне стратэгічнага ўзаемадзеяння паміж Расеяй і Кітаем выклікае ў Нью-Дэлі дыскамфорт, бо гэта ўсё адно што найлепшы сябар спіць з ворагам. Улічваючы нашыя асцярогі, для прэм'ер-міністра мела сэнс паехаць туды і пагаварыць з Пуціным на самым высокім узроўні», – тлумачыў Bloomberg Свасці Рао, навуковы супрацоўнік Інстытута абаронных даследаванняў і аналізу Манахара Парыкара пры індыйскім Міністэрстве абароны. Прэм'ер таксама дамовіўся з Пуціным аб тым, каб з расейскага войска, што ваюе ва Украіне, адпусцілі індыйцаў, якіх туды прывабілі падманам.

Зразумела, што даўнія сувязі паміж Расеяй і Індыяй не зменяцца раптоўна, прызнаў Саліван, але трэба, паводле ягоных слоў, глядзець на доўгатэрміновую перспектыву. ЗША, у сваю чаргу, "укладаюцца ў дэмакратычных партнёраў і саюзнікаў ва ўсім свеце, уключаючы такія краіны, як Індыя, і мы мяркуем, што гэта дасць плён па меры руху наперад", сказаў ён.

Модзі прыехаў у Маскву, нягледзячы на тое, што некалькі высокапастаўленых прадстаўнікоў Белага дома ў пачатку ліпеня выказалі калегам з Дэлі занепакоенасць тым, як такі візіт будзе выглядаць падчас саміту NATO. Сярод гэтых прадстаўнікоў быў намеснік Дзяржсакратара Курт Кэмпбэл, распавялі WP некалькі амерыканскіх чыноўнікаў; ён прасіў па магчымасці змяніць даты паездкі. У Вашынгтоне з аўторка адзначаюць 75-годдзе стварэння альянсу, чальцы якога заявілі аб доўгатэрміновай падтрымцы Украіны ў яе супрацьстаянні расейскай агрэсіі.

Але Модзі схапіў Пуціна ў мядзведжыя абдымкі і назваў "дарагім сябрам" усяго праз некалькі гадзін пасля таго, як расейская ракета ўдарыла па дзіцячай лякарні ў Кіеве. "Вельмі недарэчна", – пракаментаваў WP амерыканскі чыноўнік.

Супадзенне візіту Модзі з самітам NATO падкрэслівае ўсю складанасць сітуацыі, у якой ЗША даводзіцца пераконваць краіны Глабальнага Поўдня калі і не асуджаць Расею за дзеянні ва Украіне, то прынамсі не надаваць ёй відавочнай падтрымкі. “Мне даводзіцца весці шматлікія абарончыя баі, спрабуючы дапамагчы развіццю стасункаў [паміж ЗША і Індыяй], - заявіў у чацвер пасол ЗША ў Дэлі Эрык Гарсеці. - Я паважаю тое, што Індыі падабаецца стратэгічная аўтаномія. Але падчас канфлікту такой рэчы не існуе”.

Індыя не павінна ўспрымаць сяброўства ЗША як нешта "сама сабой зразумелае", папярэдзіў Гарсеці.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках