8 жнiўня 2024, Чацвер, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска знайшла нечаканы спосаб зарабіць на льготным размытненні аўто

4
Беларуска знайшла нечаканы спосаб зарабіць на льготным размытненні аўто

Чым усё скончылася, стала вядома з пастановы суда.

Жыццё ў памежжы дазваляе шматлікім беларусам знаходзіць дадатковыя спосабы заробку. Адзін з іх – перагонка аўтамабіляў для далейшага продажу ў Беларусі (хоць вываз аўто з ЕЗ у апошнія месяцы моцна абмежавалі). Але размытненне дарагое і звычайна невыгодное – калі толькі не афармляць яго паводле льготных тарыфаў. Перакупнікі самі або праз пасярэднікаў знаходзяць такіх ільготнікаў, плацяць ім некалькі сотняў рублёў ці даляраў і потым паводле даверанасці ад іх імя афармляюць увоз аўто. Аднак некаторыя ідуць і на зусім злачынныя схемы – напрыклад, крадзеж дакументаў. Такія выпадкі летась мелі месца ў Навагрудку. Падрабязнасці сталі вядомыя з прысуду суда.

Зніжка на размытненне 50 адсоткаў прадугледжаная для людзей з інваліднасцю 1 і 2 групаў, шматдзетных бацькоў і бацькоў дзяцей-інвалідаў. Адзін чалавек можа выкарыстоўваць ільготу на адзін аўтамабіль за год. Паводле 140-га ўказу афармляецца «вялікая частка іншамарак, якія паступілі ў Беларусь з-за мяжы».

Падзарабіць на размытненні надумала і жыхарка Лідскага раёна Галіна (імя выдуманае), упакоўніца аднаго з ААТ і маці малагадовага дзіцяці. Жанчына раней не была асуджаная, але з самага пачатку звярнулася да схемы, у якой нічога нават паўлегальнага не засталося. Яна проста крала дакументы ў састарэлых інвалідаў, каб потым прадаць іх звесткі.

Каб пракруціць свой план, Галіна прыехала ў суседні Навагрудак, разгаварылася з мінаком на вуліцы і выведала, што ў доме каля адной з кавярняў жыве пажылы чалавек з інваліднасцю і псіхічным разладам.

Жанчына знайшла ягоную кватэру і пазваніла ў дзверы. Калі састарэлы гаспадар адкрыў, яна назвалася супрацоўніцай сацыяльнай абароны і паведаміла, што дзядулю належыць надбаўка да пенсіі памерам 200 рублёў – трэба толькі паказаць пашпарт і пасведчанне інваліда. Калі ён вынес дакументы, Галіна папрасіла яго сфатаграфавацца з імі ў разгорнутым выглядзе. Потым яна забрала пашпарт і пасведчанне, паабяцала, што прынясе іх праз некалькі дзён, і проста сышла з кватэры.

Праз пару гадзінаў Галіна даведалася адрас яшчэ аднаго састарэлага чалавека з інваліднасцю, які жыў каля стадыёна. Прыйшоўшы да яго, яна завалодала яго дакументамі паводле дакладна такой самай схеме і схавалася.

Гэты пенсіянер першым звярнуўся ў міліцыю. Галіну атрымалася адшукаць. Дакументы былі знойдзеныя ў іншай жанчыны – мабыць, таксама замешанай у схеме. Было вызначана, што на аднаго са сталых мужчынаў ужо паспелі аформіць размытненне аўтамабіля, увезенага з Літвы.

У дачыненні Галіны распачалі крымінальную справу паводле артыкула 378 КК. Яе абвінавацілі ў крадзяжы пашпарта і іншых важных асабістых дакументаў з карыслівых меркаванняў.

На судзе, які адбыўся ў студзені, Галіна прызнала сваю віну. Яна сказала, што даведалася, што за грашовую ўзнагароду можна падаць дакументы інвалідаў для наступнага льготнага размытнення машынаў. Займеўшы пашпарты і пасведчанні, яна перадала іх нейкаму чалавеку – у справе названыя толькі ягоныя ініцыялы.

Верагодна, гэта быў пасярэднік, які потым нейкім чынам вырабляў даверанасці ад імя ахвяраў і прадаваў іх тым перагоншчыкам або займаўся размытненнем сам. Аднак яго роля ў справе ў рамках судовага дакумента не раскрываецца, як і роля жанчыны, у якой знайшлі пашпарты. Магчыма, іх справа была вынесеная ў асобную вытворчасць.

Галіну скіравалі на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, якая пацвердзіла, што жанчына не пакутуе на псіхічныя разлады, з'яўляецца і ў момант злачынства была разумнай і магла ўсведамляць сутнасць і наступствы сваіх дзеянняў.

У выніку жанчыну прызналі вінаватай. Яе артыкул прадугледжваў да двух гадоў абмежавання або пазбаўлення волі. Але суд прыняў да ўвагі наяўнасць маленькага дзіцяці і сталай працы, здавальняльныя характарыстыкі, прызнанне віны і адсутнасць ранейшых судзімасцяў. Таму Галіне прызначылі ўсяго толькі штраф памерам 40 базавых велічыняў, то-бок 1600 рублёў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках