Скандальны дэпутат Дзярждумы прыдумаў законапраект пра беларусаў у Расеі
16- 13.07.2024, 11:17
- 16,874
Ён выказваўся за непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.
Дазволіць грамадзянам Беларусі, якія стала жывуць у Расеі, абіраць і абірацца ў мясцовыя органы ўлады, а таксама галасаваць на мясцовых рэферэндумах, прадугледжана ў законапраекце, які 12 ліпеня падаў у Дзяржаўную думу скандальна вядомы дэпутат Канстанцін Затулін, піша «Позірк»..
Парламентарый прапануе прапісаць у законе «Аб агульных прынцыпах арганізацыі мясцовага самакіравання ў РФ», што беларускія грамадзяне – «грамадзяне "саюзнай дзяржавы", якія стала або пераважна жывуць на тэрыторыі муніцыпальнага ўтварэння, валодаюць пры ажыццяўленні мясцовага самакіравання правамі ў адпаведнасці з федэральнымі законамі».
Закон «Аб забеспячэнні канстытуцыйных правоў грамадзянаў РФ абіраць і быць абранымі ў органы мясцовага самакіравання» Затулін прапануе дапоўніць нормай, у адпаведнасці з якой грамадзяне Беларусі, «якія стала жывуць на тэрыторыі адпаведнага муніцыпальнага ўтварэння, у парадку, вызначаным законам, маюць права абіраць дэпутатаў прадстаўнічых органаў мясцовага самакіравання і выбарных службовых асобаў мясцовага самакіравання, быць абранымі дэпутатамі названых органаў і выбарнымі службовымі асобамі мясцовага самакіравання, а таксама ўдзельнічаць у іншых выбарчых дзеяннях на тых жа ўмовах, што і грамадзяне РФ».
У закон «Аб асноўных гарантыях выбарчых правоў і права на ўдзел у рэферэндуме грамадзянаў РФ», на ягоную думку, трэба сярод іншага дадаць пункт, што беларускія грамадзяне «надзяляюцца актыўным выбарчым правам на выбарах у заканадаўчыя органы ўлады суб'екта РФ, на тэрыторыі якога стала жывуць, і правам галасаваць на рэферэндуме гэтага суб'екта РФ».
Замацаваць адпаведнае права таксама прапануецца ў законах «Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў у РФ» і «Аб агульных прынцыпах арганізацыі публічнай улады ў суб'ектах РФ».
Затулін звярнуў увагу на тое, што Выбарчы кодэкс Беларусі дазваляе грамадзянам Расеі, якія жывуць на беларускай тэрыторыі, удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Ён адзначыў, што ў спісах выбарнікаў на мясцовых выбарах 25 лютага 2024 года налічвалася 95 тыс. расейцаў, акрамя таго, у раённыя рады балатавалася 15 грамадзянаў РФ, сельскія – 6.
На думку дэпутата, адпаведныя карэктывы ў расейскае заканадаўства трэба ўнесці «ў мэтах развіцця "саюзнай дзяржавы", пашырэння правоў грамадзянаў "саюзнай дзяржавы", якія маюць грамадзянства аднаго боку, але жывуць на тэрыторыі другога боку».
Канстанцін Затулін з'яўляецца першым намеснікам старшыні камітэта Дзярждумы РФ у справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі. Раней ён выказваўся за непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.