8 жнiўня 2024, Чацвер, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менская паліклініка лечыць п'яўкамі і «цудадзейным святлом»

11
Менская паліклініка лечыць п'яўкамі і «цудадзейным святлом»

Медыкі абураныя шарлатанскім падыходам.

Артыкулы на афіцыйных сайтах беларускіх установаў аховы здароўя наглядна дэманструюць узровень прафесіяналізму, які сёння дазваляе сабе беларуская медыцына, піша тэлеграм-канал «Белыя халаты»:

– Нядаўна мы расказвалі пра тое, як на сайце Наваполацкай лякарні прапаноўвалі вызначаць характар і таленты чалавека з групы крыві і рэкламавалі псеўданавуковую тэорыю пра «тэлеганію». Сёння вывучым артыкулы на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Першай паліклінікі Цэнтральнага раёна Менска.

У раздзеле «Платныя паслугі», падкатэгорыі «нетрадыцыйная медыцына», мы ўбачым прапанову прайсці гірудатэрапію. Кажучы простай мовай, гэта лячэнне метадам уздзеяння п'явак на арганізм. У сучаснай медыцыне выкарыстанне п'явак застаецца прызнаным інструментам, але, у сутнасці, адзіным даказаным лекавым эфектам ад іх уздзеяння з'яўляецца памяншэнне згусальнасці крыві, што адбываецца праз антыкаагулянт гірудзін, які змяшчаецца ў іх сліне. Адзначым, фармакалогія сёння знаходзіцца на ўзроўні, які дазваляе атрымаць антыкаагулянты медыкаментозна, а не праз сліну п'явак, што значна дакладней і бяспечней.

Ужыванне ж п'явак вынікуе розныя алергічныя рэакцыі, развіццё чырвонага плоскага лішаю, залішні крывацёк і з'яўленне рубцоў на месцы ўкусаў. Часам п'явак ужываюць для лячэння гематомаў пасля касметычных аперацый ці аперацый на грудной клетцы, але ў гэтых выпадках апісана вельмі высокая паводле сучасных мерак частата ўскладненняў. Больш як у 20% пацыентаў пасля пластычных аперацый на твары і больш як у 80% пацыентаў пасля рэканструкцыйных аперацый на грудзях.

Але на сайце паліклінікі на гаючыя ўласцівасці п'явак глядзяць значна шырэй. Сцвярджаецца, што яны ўзмацняюць ахоўныя ўласцівасці арганізма, павялічваюць імунітэт, маюць супрацьацёкавае, супрацьзапаленчае, супрацьшлакавае, пажыўнае і амаладжальнае ўздзеянне. Можна спрачацца асобна з кожным пунктам гэтага спісу, але нас цікавіць, як з медыцынскага гледзішча тлумачацца «шлакі» і ў чым заключаецца механізм збавення ад іх. Каштуе такая паслуга 18 рублёў 91 капейку.

Яшчэ адзін від тэрапіі, які мы наважыліся паставіць пад сумнеў, – выкарыстанне апарата «біяптрон». У артыкуле пра гэты прыбор напісана: ён выпраменьвае палярызаванае святло, якое мае цудадзейныя ўласцівасці. Напрыклад, паляпшае абменныя працэсы і павялічвае імунітэт. Таксама яго прапануюць выкарыстоўваць пры вострых і хранічных захворваннях дыхальнай сістэмы, сардэчна-сасудзістай сістэмы, галаўных болях, цягліцах і суставах, грыбковых захворваннях, псарыязе, нейрадэрмітах, алергіях, радыкуліце, кілах міжпазваночных дыскаў… Таксама цуда-святло мае «антыўзроставы эфект», кажучы простай мовай, літаральна амалоджвае і нават дапамагае справіцца з вясновай стомленасцю, астэніяй, дэпрэсіяй.

Лямпачка, якая свеціць праз палярызацыйны фільтр, мяркуючы з напісанага, дапамагае ад паўсотні розных хваробаў, лекаваннем якіх займаецца дзясятак адмыслоўцаў. Прычым – зусім нядорага, усяго 2 рублі 37 капеек за сеанс.

Калі вы не верыце нам, паглядзіце, што гаворыць пра біяптрон вядомы папулярызатар медыцынскай навукі доктар Камароўскі: «Эфектыўнасць біяптрона – гэта эфект плацэба, гэта выратавальная вера ў вылячэнне. Вера вельмі эфектыўная, што пацвярджае шматгадовы досвед ужывання гамеапатыі. Пры гэтым для замацавання веры і павышэння эфектыўнасці “лячэння” вельмі важна, каб прыбор каштаваў дорага. З біяптронам тут усё ў парадку, і нядзіўна, што чалавеку, які заплаціў 500$ (пашанцавала, быў распродаж) за гаючы прыбор, цяжка потым прызнаць сябе падманутым».

Пра біяптрон ёсць 6 РКІ на PubMed, яны напісаныя ў постсавецкіх ці арабскіх краінах, няма ніводнага сістэматычнага агляду, і з навукова-доказнага гледжання гэта вельмі непераканальна.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках