8 жнiўня 2024, Чацвер, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень ксёндз Анджэй Юхневіч знаходзіцца ў знясіленым стане

7
Палітвязень ксёндз Анджэй Юхневіч знаходзіцца ў знясіленым стане

Святар пазбаўлены шматлікіх базавых чалавечых патрэбаў.

Пробашч рымска-каталіцкай парафіі ў Шуміліне айцец Анджэй Юхневіч знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за два месяцы. Да гэтага часу невядома, у чым яго абвінавачваюць.

Сайт Katolik.lifе паведамляе, што вернікам парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне дагэтуль невядома, у чым менавіта і паводле якога артыкула абвінавачваюць іх пробашча Анджэя Юхневіча – гэта тлумачаць таямніцай следства. У святара ёсць адвакат, але ён таксама нічога не паведамляе, бо вымушаны быў даць падпіску аб неразгалошванні.

Адзінае, што перадалі вернікам – святар знаходзіцца ў знясіленым стане, ён быў пазбаўлены шматлікіх базавых чалавечых патрэбаў. Да прыкладу, толькі нядаўна яму далі магчымасць прыняць душ – пасля амаль двух месяцаў зняволення.

Вернікі пішуць пробашчу лісты ў СІЗА, перадаюць перадачы, каб ён не адчуваў сябе ў адзіноце, імкнуцца хадайнічаць перад органамі следства і пракуратуры, каб яго выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. У парафіі пісалі калектыўны зварот у апарат упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў, але там адказалі, што не могуць нічым дапамагчы ў гэтай справе.

Пра дзеянні з боку касцельных структураў нічога невядома – публічных малітваў, заяваў, нагадванняў пра сітуацыю святара і якой-небудзь мінімальнай інфармацыі пакуль не было, адзначае Katolik.lifе.

Анджэй Юхневіч быў затрыманы 8 траўня. Спачатку святара абвінавацілі ў тым, што ў лютым 2022 года ён размясціў на фота свайго профілю ў Facebook выяву бел-чырвона-белага сцяга і сцяга Украіны. Юхневіча чатыры разы запар асуджалі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, а потым распачалі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках