8 жнiўня 2024, Чацвер, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ураган абрынуўся на гарады і вёскі Беларусі

8
Ураган абрынуўся на гарады і вёскі Беларусі

Ёсць ахвяры.

Моцныя залевы і ўраганны вецер разбушаваліся ў Беларусі. Найбольш ад непагадзі пацярпелі  Гарадзенская і Менская вобласці. Амаль пяць сотняў населеных пунктаў заставаліся без святла.

Як паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медрэагавання Міністэрства аховы здароўя, медыкі аказваюць неабходную дапамогу пацярпелым падчас буры і шквалістага ветру ў Менску, у Ждановічах і на Цнянскім вадасховішчы.

У выніку падзення дрэва на Цнянскім вадасховішчы пацярпелі тры чалавекі. Брыгады хуткай дапамогі шпіталізавалі двух пацярпелых у Менскую абласную бальніцу і РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

«На жаль, у выніку падзення дрэва ў раёне Цнянкі загінула дзяўчына», – паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Крыху раней у Ждановічах, таксама ад падзення дрэва пацярпела дзіця. Яно шпіталізаванае ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

У цэнтры Менска праз падзенне шкла ад парыву ветру каля завода «Гарызонт» пацярпеў 24-гадовы малады чалавек і падлетак. Яны шпіталізаваны ў БХМД і 3-ю бальніцу.

У выніку парывістага ветру ў Менску ўпала цагляная сцяна. Пацярпелы, малады чалавек, шпіталізаваны ў Бальніцу хуткай медычнай дапамогі. У хлопца дыягнаставаныя спалучаныя траўмы – ЧМТ сярэдняй ступені, закрытая траўма грудной клеткі, траўма жывата, пераломы костак.

Удзень у Менску тэмпература паветра дасягала 37 градусаў. Пазней пачаўся разгул стыхіі.

На відэа з сацсетак і тэлеграм-каналаў бачна, што ў Менску ўпала дрэва на веладарожку паблізу вуліцы Аранскай. У іншым раёне гораду таксама ёсць паваленыя дрэвы. Таксама заўважаны як мінімум два рэкламныя шчыты, якія пашкодзіў моцны вецер.

Са слоў відавочцаў, у раёне Цнянкі вецер зламаў дрэва і яно ўпала на людзей. Пад ударам непагадзі аказалася і Новая Баравая. Паводле паведамленняў жыхароў горада, у некаторых раёнах аварыйна адключылі электрычнасць. Напрыклад, у раёне вуліц Казінца і Каржанеўскага – яно павінна працягнуцца да 20.06.

Непагадзь разгулялася не толькі ў сталіцы – напрыклад на дарозе паміж Ашмянамі і Лідай, са слоў відавочцы, вельмі шмат паваленых дрэў. А тэмпература пасля дажджу апусцілася да 22 градусаў.

Моцны вецер часткова разбурыў кемпінг «Клёвае месца» у Вілейскім раёне.

Стыхія таксама прайшлася па Мсціслаўскім раёне.

Паводле звестак Белгідрамета, у суботу, 13 ліпеня, навальніцы ў паўночных і цэнтральных раёнах краіны павінны працягнуцца прыкладна да 21.00. У прагнозе былі моцныя залевы, град і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с, у асобных раёнах 21-24 м/с.

Нагадаем, на нядзелю, 14 ліпеня, у Беларусі аб'явілі аранжавы ўзровень небяспекі праз спякоту. Уначы месцамі, раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. Вецер пераменных кірункаў умераны, пры навальніцах парывісты, уначы месцамі моцны парывісты.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках