16 лiпеня 2024, aўторак, 6:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Два аўтамабілі з вадой на 100-тысячны горад»

5
«Два аўтамабілі з вадой на 100-тысячны горад»

Як улады адрэагавалі на праблемы, якія ўзніклі праз стыхію ў Гомельскай вобласці.

Магутны навальнічны фронт выклікаў масавыя адключэнні ў Гомельскай вобласці ў нядзелю, 14 ліпеня. Да раніцы панядзелка многія праблемы, якія ўзніклі з-за стыхіі, ліквідаваць не змаглі — у шэрагу населеных пунктаў, у тым ліку ў райцэнтрах, па-ранейшаму адсутнічаеэлектрычнасць і водазабеспячэнне. Агулам стыхія парушыла электразабеспячэнне блізу 1150 населеных пунктаў. Старшыня аблвыканкама аб'явіў аб надзвычайнай сітуацыі, піша «Флагшток».

У рэгіёне прайшлі навальніцы з моцным шквалістым ветрам, парывы якога дасягалі 30 м/с, што прывяло да падзення дрэў на лініі электраперадачы, іх абрыву, пашкоджання апор. З афіцыйнай інфармацыі, найбольш ад непагадзі пацярпеў Мазырскі раён, куды былі сцягнуты аварыйныя брыгады з суседніх раёнаў. Стыхія таксама стала прычынай тэхналагічных парушэнняў у Калінкавіцкім, Ельскім, Нараўлянскім, Лельчыцкім раёнах.

Флагшток паглядзеў, на што ў мясцовых чатах і пабліках скардзіліся жыхары. Больш за ўсё нараканняў выклікала адсутнасць электрычнасці раніцай у панядзелак - калі трэба было збірацца на працу. Многія не змаглі падсілкаваць мабільныя тэлефоны, у размарожаных лядоўнях сталі псавацца прадукты - у той час як тэмпература паветра на дварэ зноў перавышае 30 градусаў.

Не менш сур'ёзнай праблемай стала адсутнасць вады - праз абясточаную сістэму водазабеспячэння. Мясцовыя жыхары паставіліся да гэтага з разуменнем, аднак выказалі крытыку ў бок уладаў наконт падвозу вады. У Мазыры мясцовы водаканал паведаміў, што адзін з вадавозаў паставілі каля Палаца культуры «Будаўнік», а другі - каля рынку «Прывоз».

«На 100-тысячны горад усяго дзве машыны з вадой?», - абурыліся жыхары.

«Падвозу вады на раёны не будзе? У мяне маці жыве ў Мазыры, тэлефануе і кажа, што няма ні вады ні святла з 16 гадзін. У доме ні шклянкі вады, і патэлефанаваць не можа», - пытаўся іншы карыстальнік, але застаўся без адказу.

У гэты час Мазырскі райвыканкам заяўляў, што «сітуацыя знаходзіцца на кантролі»:

«Экстраннае пасяджэнне камісіі ў надзвычайных сітуацыях праходзіць у Мазырскім райвыканкаме. Абмеркавалі план дзеянняў сітуацыі, якая склалася. Усімі службамі праводзяцца работы мінімізацыі наступстваў непагадзі. Сітуацыя знаходзіцца на кантролі».

Пасля масавых скаргаў толькі ўдзень у панядзелак колькасць аўтацыстэрнаў з вадой у Мазыры павялічылі да шасці.

На 10 раніцы электрычнасці і водазабеспячэння не было не толькі ў Мазыры, але і ў многіх мікрараёнах Рэчыцы, Калінкавіч, а таксама ў сельскіх населеных пунктах раёнаў.

Акрамя таго, нараканні выклікала тое, што многія дарогі раніцай у панядзелак не былі расчышчаныя пасля завалаў, а ў некаторых выпадках выконваць работу камунальных службаў прымусілі калектывы прадпрыемстваў і арганізацый. У рэгіёне часткова адсутнічала мабільная сувязь.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках