Італьянка Пааліні перасягнула Сабаленку ў ганарарах у сезоне-2024
1- 15.07.2024, 20:44
- 2,788
На якім месцы беларуская тэнісістка?
Хутка праміне месяц, як галоўная тэнісістка Беларусі бавіць час без спаборніцкага практыкуму.
Апошні матч яна правяла 20 чэрвеня, калі ў другім коле турніру WTA-1000 у Берліне (Нямеччына) саступіла расейцы Дар'і Касаткінай. Паводле вынікаў «Уімблдона», які закончыўся ў нядзелю, Сабаленка нават рызыкавала страціць званне трэцяй ракеткі свету, аднак Алена Рыбакіна не выканала абавязковай для гэтага ўмовы – не ўзяла галоўны трафей.
Гэты трафей не дастаўся і італьянцы Ясмін Пааліні, якая пацярпела паразу ў фінале другога запар спаборніцтва з серыі «Вялікага шлема». Тым не менш падобная стабільнасць ладна папоўніла кішэню ўдзельніцы з Апенінаў.
Пасля «Уімблдона» Пааліні ўзнялася на другі радок у спісе самых багатых тэнісістак у сезоне-2024. З улікам чэка за фінал на кортах Усеанглійскага клуба лаўн-тэнісу яна ў каляндарным годзе папоўніла рахунак на $4 274 510. Больш зарабіла толькі лідарка рэйтынгу Іга Свёнтэк – $6 826 749.
Такім чынам, з другой пазіцыі ссунулі менавіта Сабаленку. Яна ў сезоне-2024 узбагацілася на $3 736 491.