17 лiпеня 2024, Серада, 15:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ваенны экспэрт: Ёсць чатыры прычыны, чаму «шахеды» блукаюць над Беларуссю

2
Ваенны экспэрт: Ёсць чатыры прычыны, чаму «шахеды» блукаюць над Беларуссю

Адная з іх - правакацыя РФ.

Пачынаючы з 11 ліпеня, падчас расейскіх нападаў «шахедамі», гэтыя дроны ўжо не раз заляталі на тэрыторыю Беларусі з Украіны. На ўчорашні вечар такіх выпадкаў налічвалася чатыры, прычым за ўчора гэта адбылося двойчы.

Некаторыя з дронаў-камікадзэ, блукаючы па тэрыторыі Беларусі (месцамі гэта магло займаць гадзіну, а траекторыя сотні кіламетраў), вярталіся зноў ва ўкраінскую паветраную прастору, а некаторыя – знікалі ў РБ. Пры чым падчас гэтых пралётаў у трох з чатырох выпадкаў прыцягвалася беларуская авіяцыя.

Маніторынгавы канал «Беларускі Гаюн» дапускае, што вайскоўцы РБ маглі ведаць пра манеўры расейцаў і паднімалі гелікаптэры ці знішчальнікі, каб, «у выпадку немэтазгоднай працы дрона», своечасова знішчыць яго.

Што напраўду можа хавацца за такімі «блуканнямі» дронаў-камікадзэ ў Беларусі РБК-Украіна спытала ў ваеннага экспэрта Паўла Нарожнага. Ён адзначае, што версіі датычна магчымых прычын усё на мяжы "тэорыі змовы". Зрэшты, называе некалькі магчымых сцэнарыяў, згодна з якімі можа дзейнічаць вораг.

- Першае - гэта можа быць збор нейкіх звестак. Бо ў прынцыпе гэты «шахед» дастаткова вялікі і можа несці дастаткова вялікую нагрузку на сабе – да 50 кг.

Гэта можа быць радар і ўсё, што хочаш тэарэтычна на ім можа быць. Гэта значыць дрон можа сабраць нейкія звесткі, прыляцець у Беларусь і з яго там здымаюць звесткі і таму падобнае, - мяркуе Нарожны.

Паводле ягоных слоў, другім магчымым варыянтам можа быць пошук, правакацыя працы ўкраінскай СПА, каб тая збіла беспілотнік.

— Ці яны, напрыклад, могуць назіраць ці спрацуе наш радар і па гэтым радары могуць нанесці ўдар. Таму што ў расейцаў ёсць супрацьрадыёлакацыйная ракета Х-31П.

Трэці варыянт - гэта можа быць праца нашага ўкраінскага РЭБ, які або проста глушыць сігнал GPS дрона або перадае нейкія фэйкавыя сігналы і таму ён ляціць у нейкім незразумелым кірунку, - тлумачыць Нарожны.

Чацвёрты варыянт, на ягоную думку, можа быць спробай РФ справакаваць Беларусь.

- Уявім, што «шахед» прылятае па Мазырскім НПЗ ці прызямляецца на яго тэрыторыі і там здараецца пажар. Пасля гэтага Расея ці Беларусь абвінавачваюць нас, кажучы, што гэта нібыта быў «удар украінскага беспілотніка». І для Беларусі гэта нейкі casus belli (нагода) для вайны), — зазначае экспэрт і дадае, што ніводнай з вышэйназваных версій няма якіх-небудзь пацвярджэнняў, якія б з'явіліся ў публічным полі, а таму можна толькі меркаваць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках