17 лiпеня 2024, Серада, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выведка ЗША папярэдзіла аб падрыхтоўцы новых замахаў на Трампа

6
Выведка ЗША папярэдзіла аб падрыхтоўцы новых замахаў на Трампа

Да гэтага можа мець дачыненне Іран.

Найбліжэйшыя тыдні на кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа могуць быць учыненыя новыя замахі, распавялі Politico крыніцы знаёмыя са звесткамі амерыканскай выведкі.

З іх слоў, адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна атрымлівае ўсё больш доказаў таго, што да гэтага датычны Іран, які на працягу некалькіх гадоў «актыўна працуе» над падрыхтоўкай забойства Трампа. Гэта можа быць адказам Тэгерана на санкцыянаванае экс-прэзідэнтам забойства генерала Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КСІР) Касема Сулеймані, якое адбылося ў 2020 годзе, удакладняе Politico.

Са звестак CNN, праз чаканы новы замах Сакрэтная служба ЗША ў апошнія тыдні ўзмацніла бяспеку Трампа.

Пры гэтым в.а. кіраўніка МЗС Ірана Алі Багеры Кані адхіліў абвінавачанні ў падрыхтоўцы замаху на экс-прэзідэнта і запэўніў, што іранскія ўлады будуць звяртацца толькі да «прававых і судовых працэдур» для прыцягнення вінаватых у гібелі Сулеймані. «Тыя, хто нясе за гэта віну, павінны быць прыцягнуты да адказнасці ў справядлівым судзе», - падкрэсліў міністр.

Сулеймані быў забіты амерыканскім дронам 3 студзеня 2020 года. Трамп заявіў, што гэта была спецаперацыя ЗША. Паводле ягоных слоў, Сулеймані ліквідавалі, таму што ён быў датычны да гібелі вялікай колькасці пратэстоўцаў у Іране, а таксама «забіў або параніў тысячы амерыканцаў» і «планаваў забіць яшчэ больш».

Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі тады паабяцаў «суровую помсту» ўсім адказным за забойства. Праз некалькі дзён пасля гэтага Тэгеран нанёс ракетныя ўдары па амерыканскіх базах у Іраку, у выніку чаго былі параненыя дзясяткі вайскоўцаў ЗША.

13 ліпеня гэтага года падчас перадвыбарчага мітынгу ў Пенсільваніі на Трампа быў учынены замах. Экс-прэзідэнт быў паранены ў вуха, загінуў адзін удзельнік мітынгу, а яшчэ двое атрымалі раненні. Стралком быў 20-гадовы грамадзянін ЗША Томас Мэцью Крукс, якога на месцы ліквідавалі супрацоўнікі Сакрэтнай службы. Матывы замаху высвятляюцца. Аднак, са слоў крыніц CNN, Крукс не меў ніякага дачынення да планаў Ірана ліквідаваць Трампа.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках