У Менску ў канцы ліпеня адкрыюць культавы клуб нулявых
10- 17.07.2024, 15:16
- 6,558

"Рэактар" вяртаецца.
Легендарны клуб "Рэактар" вяртаецца. На 26-28 ліпеня арганізатары абяцаюць "неверагодны weekend-адкрыццё", піша citydog.io.
Што яшчэ за “Рэактар”
Культавы начны клуб на Веры Харужай, 29, дзе любіла бавіцца менская моладзь нулявых, адкрыўся яшчэ ў канцы 1990-х. У 2011-м яго закрылі на рамонт, але перазапусцілі праект ужо на новым месцы пад назвай Re:Public (вул. Прытыцкага, 62), а ў тым самым будынку на Харужай у 2016 годзе адкрылі гламурны Rich Cat.
Watch on TikTok
І чаго чакаць?
Як распавяла новая ўладальніца памяшкання легендарнага "Рэактара" Святлана Рамонка ў інтэрв'ю Onliner.by, "аднавіць легенду" яны з партнёрам надумалі адразу, як толькі ўбачылі інфармацыю аб закрыцці Rich Cat. Сама дзяўчына ў мінулым арганізатарка рок-канцэртаў у менскіх клубах, працавала з гуртамі «Пілот» і «Кукрыніксы».
“Я патэлефанавала стваральніку арыгінальнага "Рэактара", і ён афіцыйна ўхваліў ідэю і дазволіў карыстацца назвай. Ён быў вельмі рады, што ягонае стварэнне атрымае новае жыццё”, – дзеліцца Святлана.
З вясны ў памяшканні актыўна ідзе рамонт, і вось ужо 26-28 ліпеня абяцаюць грандыёзнае адкрыццё.
У планах у арганізатараў "захаваць рознабаковую працу клуба і аб'яднаць пад адным дахам усе субкультуры - ад року да рэйву і рэпу". Апроч вечарынак у клубе хочуць праводзіць жывыя канцэрты беларускіх музыкаў.