Кіраўнік Мінабароны Украіны распавёў, што будуць рабіць УСУ, калі ў ЗША пераможа Трамп
9- 18.07.2024, 11:37
- 5,244
Рустэм Умераў заявіў, што верыць у амерыканскае лідарства.
Украіна знойдзе спосаб супрацьстаяць войскам Расеі, нават калі былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пераможа і паставіць пад пагрозу жыццёва важную амерыканскую падтрымку.
Аб гэтым заявіў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў у сваім дыстанцыйным выступе на штогадовым Форуме па бяспецы ў Аспене, Каларада, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на AP.
«Мы верым у лідарства ЗША, і мы верым, што Амерыка хоча, каб яе партнёры і хаўруснікі таксама былі моцнымі», - сказаў Умераў.
«На гэтым этапе мы засяродзімся на полі бою. Якім бы ні быў вынік выбараў у ЗША, мы знойдзем развязанне», - дадаў ён.
Умераў адзначыў, што Украіна пашырыла мабілізацыйныя намаганні і працягне змагацца, каб вярнуць тэрыторыі.
З яго слоў, «у рамках нашых мэт» - вярнуць Запарожскую атамную электрастанцыю, захопленую расейцамі ў пачатку іх наступлення.
Умераў падкрэсліў, што Украіна не можа спыніць расейскія ўдары па сваіх гарадах і інфраструктуры, калі не зможа знішчаць авіябазы і іншыя вайсковыя аб'екты на тэрыторыі РФ, адкуль наносяцца ўдары.
«Мы хочам гэта гучна сказаць: мы робім упор на вайсковыя аб'екты, каб яны не маглі знішчаць мірных жыхароў ва Украіне», - сказаў ён.