Віталь Цыганкоў: Пуцін напірае, каб Лукашэнка адправіў войска ва Украіну
21- 18.07.2024, 12:25
- 34,390
Адбыўся істотны паварот.
У апошнія тыдні адбыліся некалькі прыкметных палітычных падзеяў, якія складваюцца ў пэўны лагічны ланцужок, які трэба прааналізаваць і асэнсаваць, піша ў «Фэйсбуку» беларускі палітолаг Віталь Цыганкоў:
- Яшчэ 3 ліпеня Лукашэнка заяўляе аб напружанасці на ўкраінскай мяжы і кажа, што «апошнім часам было нібыта тысячы званкоў у вайсковыя камісарыяты ад людзей, якія просяць іх узяць у войска і даць зброю». На ўкраінскую мяжу пачынаюць рухацца беларускія войскі. Пад адпаведныя завыванні прапаганды.
13 ліпеня, падчас наведвання 56-га зенітнага ракетнага палка ў Лунінецкім раёне, нечакана, як здаецца, нават для сваіх генералаў (такое ўражанне, што Лукашэнка зрабіў гэтую заяву так, каб ніхто не мог яму патэлефанаваць і перашкодзіць), Лукашэнка заяўляе пра «ліквідацыю напружанасці каля мяжы з Украінай».
«Цяпер у нас ускладненняў ніякіх няма з украінцамі і я спадзяюся, што і не будзе. Таму не павінна быць ніякіх лішніх мерапрыемстваў».
Войскі рэальна адводзяцца, што пацвярджаюць і беларускія генералы, і ўкраінскія крыніцы. І што далей? А далей над Беларуссю раптам пачынаюць ляцець расейскія дроны, якія нясуць да 40 кг выбуховага рэчыва. Адзін, як паведамляецца, у ноч на 13 ліпеня (адразу пасля заявы Лукашэнкі аб адводзе войск) праляцеў амаль 350 км па тэрыторыі Беларусі ў кірунку «Славянскага базару», дзе якраз знаходзіўся Лукашэнка.
Супадзенне? Не думаю!
Мне здаецца, мы назіраем даволі істотны паварот. Раней, зыходзячы з усіх вядомых нам публічных заяў і дзеянняў, мы рабілі высновы, што Лукашэнку ўдаецца пераканаць Пуціна, што непасрэдны ўдзел беларускіх войск у вайне не патрэбны.
Дык вось гэтая канстатацыя, вельмі імаверна, зараз мяняецца. Выглядае, што Масква напірае і намагае, рознымі намёкамі і канкрэтнымі дзеяннямі, накшталт такіх, якія я апісаў вышэй, патрабуючы, каб Лукашэнка ўступіў у вайну.