18 лiпеня 2024, Чацвер, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ААН прызналі зняволенне Бяляцкага парушэннем міжнароднага права

10
У ААН прызналі зняволенне Бяляцкага парушэннем міжнароднага права

І запатрабавалі ягонага вызвалення.

Працоўная група ААН заклікала ўлады Беларусі "неадкладна вызваліць Бяляцкага і даць яму права на кампенсацыю ды іншыя рэпарацыі ў адпаведнасці з міжнародным правам".

18 ліпеня Працоўная група ААН у адвольных затрыманнях апублікавала дакумент, у якім прызнае змяшчэнне пад варту беларускага праваабаронцы, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага парушэннем міжнароднага права і патрабуе ягонага неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе ААН, які паступіў у рэдакцыю «Радыё Свабода».

У сваёй пастанове Працоўная група прызнала затрыманне Бяляцкага адвольным з некалькіх прычын:

Па-першае, “не звяртаючы ўвагі на канкрэтныя факты і не разглядаючы альтэрнатыўныя захады стрымання, абапіраючыся галоўным чынам на цяжкасць абвінавачанняў, улады не змаглі адэкватна абгрунтаваць папярэдняе зняволенне сп. Бяляцкага, якое доўжылася блізу два гады». Акрамя таго, Бяляцкаму было адмоўлена ў праве фізічна быць на слуханнях ягонай справы.

Па-другое, «прычынай арышту і наступнага затрымання Бяляцкага стала ажыццяўленне ім свабоды слова і свабоды сходаў».

Па-трэцяе, яго "судзіў не незалежны і бесстаронні суд", а суд пад старшынствам суддзі, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ за прыняцце палітычна матываваных пастаноў супраць мірных пратэстоўцаў. У гэтым працэсе Бяляцкі быў "пазбаўлены эфектыўнага юрыдычнага прадстаўніцтва".

Працоўная група таксама прыйшла да высновы, што права Бяляцкага на прэзумпцыю невінаватасці было парушанае як заявамі ключавых урадавых службоўцаў, так і тым фактам, што падчас суда яго прымушалі сядзець у металічнай клетцы, што магло выклікаць прадузятае стаўленне суддзяў. Працоўная група таксама адзначыла "выразную мадэль стаўлення ўладаў да Бяляцкага, грунтаваную на ягоных палітычных перакананнях і дзейнасці праваабаронцы".

Акрамя таго, Бяляцкаму было адмоўлена ў праве перапісвацца з сям'ёй і наведваць яго ў турме, зазначаецца ў дакуменце.

Прызнаўшы гэтыя факты, Працоўная група заклікала ўлады Беларусі "неадкладна вызваліць Бяляцкага і даць яму права на кампенсацыю і іншыя рэпарацый у адпаведнасці з міжнародным правам", а таксама забяспечыць поўнае і незалежнае расследаванне абставін яго пазбаўлення волі і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук вітала пастанову Працоўнай групы і заклікала міжнародную супольнасць зрабіць далейшыя захады для забеспячэння вызвалення Алеся Бяляцкага ды іншых беларускіх палітычных вязняў.

«Алесь па-ранейшаму несправядліва зняволены ў турме ў Беларусі, удалечыні ад сваёй сям'і, пазбаўлены неабходных лекаў і штодзень жыве ў нечалавечых варунках. (...) Алесь так шмат працаваў усё сваё жыццё, змагаючыся за дэмакратыю і правы чалавека. Я заклікаю міжнародную супольнасць выкарыстоўваць гэтую прапанову для барацьбы за вяртанне Алеся да жыцця, сям'і і працы. Ад гэтага залежыць будучыня Беларусі», — сказала Наталля Пінчук.

Міжнародны адвакат Алеся Бяляцкага Джарэд Генсэр таксама прывітаў пастанову Працоўнай групы і запатрабаваў «безумоўнага і неадкладнага вызвалення Алеся, а таксама ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі».

«Алесь быў публічным абаронцам і змагаром за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі і за мяжой. Ягонае затрыманне несправядлівае, незаконнае і жорсткае», — падкрэсліў ён.

Працоўная група ААН у адвольных затрыманнях — незалежны і бесстаронні орган, які складаецца з пяці сябраў, якія прызначаюцца Радай правоў чалавека ААН. Ён мае паўнамоцтвы расследаваць і даваць юрыдычныя высновы аб меркаваных выпадках адвольнага пазбаўлення волі.

Справа Бяляцкага ўваходзіць у серыю спраў, якія Працоўная група разглядала ў сувязі з недэмакратычнымі прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года ў Беларусі і наступнай маштабнай хваляй арыштаў і затрыманняў апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках