19 лiпеня 2024, Пятніца, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка ўсяляк выгінаецца ў дугу, падскоквае і прысядае»

10
«Лукашэнка ўсяляк выгінаецца ў дугу, падскоквае і прысядае»

Экспэрт расказаў, што стаіць за супольнымі вайсковымі вучэннямі Беларусі і Кітая.

Кітай і Беларусь правялі ваенныя вучэнні ля межаў Польшчы. У Менску гэтыя манеўры назвалі "антытэрарыстычнай трэніроўкай" супольнай кітайска-беларускай групоўкі, а ў Пекіне заявілі, што мерапрыемства не накіраванае супраць якіх-небудзь дзяржаў.

У інтэрв'ю Главреда ваенны аналітык, супрацоўнік Службы бяспекі Украіны ў перыяд з 2004 па 2015 год Іван Ступак распавёў, якая рэальная мэта гэтых вучэнняў.

Паводле ягоных слоў, Беларусь мае дзве мэты: правесці трэніроўку сваіх войскаў супольна з такім самавітым партнёрам, як Кітай, і наладзіць адносіны з Пекінам.

«Лукашэнка ўсяляк выгінаецца ў дугу, падскоквае і прысядае, бо для яго вельмі важна быць побач з Кітаем. Мяркую, што менавіта Лукашэнка стаў ініцыятарам адпраўкі кітайскіх войскаў у Беларусь для правядзення гэтых трэніровак. Такім чынам Лукашэнка спрабуе паказаць, што з ім, маўляў, сябруе цэлы Кітай, і ён не выгнаннік», - кажа аналітык.

Ступак адзначае, што ў правядзенні кітайска-беларускіх вучэнняў зацікаўлена найперш Беларусь.

«Лукашэнка вельмі камплексуе з-за нізкага ўзроўню баяздольнасці сваіх сілаў бяспекі, войскаў спецыяльнага прызначэння і войска. Бо трэніроўкі таго ж беларускага войска спецыяльнага прызначэння, якія ўключаюць разбіванне галавой шыферу, скачкі праз падпаленыя кольцы і іншыя дзіўныя дзеянні, выглядаюць смешна. Магчыма, гадоў 10 таму гэта ўражвала, але зараз, калі ідзе вайна, падчас якой украінскае і, на жаль, расейскае войска паказвае, як яны ўмеюць ваяваць, дзеянні беларусаў выглядаюць недарэчна», - падкрэслівае ён.

Акрамя таго, адзначае вайсковы аналітык, у Беларусі назіраюць, як украінцы і расейцы атрымліваюць вайсковы досвед, палякі трэніруюцца і закупілі на 15 млрд даляраў тэхніку і амуніцыю, а краіны Балтыі будуюць доўгачасовыя агнявыя пункты коштам 60 млн еўраў.

«Менск гэта напружвае. Асабліва ў сітуацыі, калі апошні больш-менш сур'ёзны вайсковы досвед у беларусаў быў у часы Афганскай кампаніі. А сапраўдны досвед вядзення баявых дзеянняў - і зусім у часы Другой сусветнай вайны. Больш ніякага вайсковага досведу ў войску Беларусі няма, таму Лукашэнка так камплексуе. Для трэніровак свайго войска беларускі дыктатар яшчэ летась выпісаў сабе з Расеі блізу 10 тысяч вагнераўцаў, а зараз вось праводзіць вучэнні з Кітаем», - рэзюмаваў Іван Ступак.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках