19 лiпеня 2024, Пятніца, 22:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Портнікаў: Планы Трампа датычна Пуціна і Украіны асуджаныя на фіяска

2
Портнікаў: Планы Трампа датычна Пуціна і Украіны асуджаныя на фіяска
ВІТАЛЬ ПОРТНІКАЎ

За палітыку Трампа будзе ісці лютая барацьба.

Борыс Джонсан пасля сустрэчы з Дональдам Трампам аптымістычна заявіў, што ў выпадку абрання на пасаду прэзідэнта амерыканскі палітык будзе падтрымліваць Украіну. Гэта вельмі важныя словы, мяркуе вядомы ўкраінскі публіцыст і палітолаг Віталь Портнікаў.

Усе хочуць схіліць Трампа на свой бок

Заява былога прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Джонсана сведчыць, што за палітыку Трампа будзе ісці лютая барацьба не толькі ў амерыканскім, але і ў еўрапейскім кансерватыўным лагеры. Многія з палітыкаў гэтага лагеру звязваюць свае перспектывы менавіта з вяртаннем Трампа ў Белы дом.

Тут ёсць розныя пазіцыі і розныя спробы схіліць Трампа на свой бок. Вугорскі прэм'ер Віктар Орбан спрабуе зрабіць усё магчымае, каб пераканаць Трампа ў правільнасці сваіх падыходаў да заканчэння вайны ва Украіне. Аднак вялікае пытанне – ці прыслухаецца Трамп да Орбана, калі зразумее, што на самай справе той цытуе не ўласны падыход да гэтай важнай праблемы, а погляды кітайскага лідара Сі Цзіньпіна. Бо Трамп і ягоныя прыхільнікі называюць Кітай самай вялікай небяспекай для ЗША.

Цяпер да справы падключыўся Борыс Джонсан. Вядома, Джонсан цяпер не з'яўляецца фігурай у вялікай палітыцы, ягоная кар'ера на найбліжэйшыя гады закончаная. Аднак пасля разгрому Кансерватыўнай партыі Вялікай Брытаніі на апошніх выбарах сярод кансерватараў пачнецца барацьба за лідарства. Пазіцыя Джонсана тут будзе давацца ў знакі. Трамп можа з цікавасцю ставіцца і да самой постаці Джонсана, і да ягонай пазіцыі пасля заканчэння расейска-ўкраінскай вайны.

Трэба ўсвядоміць простую рэч – няма такіх пазіцый, якія нельга змяніць. Мы прывыклі меркаваць, што Трамп можа дамовіцца з кіраўніком Крамля Пуціным пра заканчэнне вайны.

Ва Украіне гавораць, што палітык можа ахвяраваць украінскімі інтарэсамі дзеля дамоўленасцей з расейскім прэзідэнтам. Аднак намеры Трампа дамовіцца з Пуціным і палітычная рэальнасць – гэта зусім розныя рэчы.

Трампу няма чаго прапанаваць Пуціну

Трамп жыве ў свеце ўласных палітычных ілюзій, якія не маюць нічога агульнага з рэальнасцю. У свеце Трампавых ілюзій могуць працаваць любыя планы. Усё гэта добра, пакуль няма рэальнай адказнасці за тое, што адбываецца насамрэч. Калі палітык апынецца ў Белым доме, то рэальнасць дагоніць.

Пуціну пляваць на ілюзіі Трампа. Амерыканскаму палітыку насамрэч няма чаго прапанаваць кіраўніку Крамля такога, што магло б яго зацікавіць. Пуцін марыць пра аднаўленне імперыі. Ён ведае, што толькі ў выпадку, калі пераадолее Украіну, верне яе ў сферу свайго ўплыву і геапалітычна адродзіць СССР, то толькі тады зможа называць сябе паўнавартасным гульцом побач з Трампам і Сі.

Калі Пуцін пацерпіць паразу ў гэтай вайне, а Расея застанецца ў сваіх актуальных міжнародна прызнаных межах ці нават з кавалкамі ўкраінскіх тэрыторый, рэальным геапалітычным гульцом Расея ўжо ніколі не стане. Рэальнымі гульцамі будуць ЗША, Кітай і, магчыма, Індыя, але дакладна не Расея.

Ніякае скасаванне санкцыяў, ніякае ўзгадненне з тым, што Пуцін захавае кантроль над акупаванымі тэрыторыямі Украіны, не могуць пераканаць агрэсара ў тым, што ён павінен адмовіцца ад геапалітычнай місіі сваёй дзяржавы так, як ён яе бачыць і як бачаць мільёны расейцаў.

Калі Трамп пераможа на выбарах, то рана ці позна яму давядзецца сутыкнуцца з сумнай рэальнасцю – ён не можа прапанаваць Пуціну нічога, што сапраўды яго зацікавіла б. Гэта азначае, што Трампу давядзецца канфліктаваць з Пуціным. Тут можа быць важным меркаванне Джонсана, які нагадае Трампу, што папярэджваў яго, што толькі супрацьстаянне з Пуціным і дапамога Украіне могуць дазволіць ЗША зменшыць амбіцыі кіраўніка Крамля і расейцаў.

Трэба змагацца нават не за сённяшнюю пазіцыю Трампа, а за тую, якая абавязкова з'явіцца, калі пасля выбараў Трамп пацерпіць прадказальнае і заслужанае фіяска ў сваіх спробах дамовіцца з Пуціным.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках