4 лiпеня 2024, Чацвер, 17:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Індыя перашкодзіць Пуціну зблізіцца з Кітаем

2
Bloomberg: Індыя перашкодзіць Пуціну зблізіцца з Кітаем

Прэм'ер-міністр Нарэндра Модзі пачаў рэалізацыю плана.

Актыўнае збліжэнне Расеі з Кітаем турбуе Індыю, якая супрацьстаіць яго ўзрастаючаму ўплыву ў рэгіёне. Заклапочаны пашырэннем «бязмежнага партнёрства» прэм'ер-міністр Нарэндра Модзі на наступным тыдні адправіцца ў Маскву для перамоў з Уладзімірам Пуціным, піша Bloomberg.

Гэта будзе ягоны першы візіт у Расею пасля пачатку развязанай Пуціным вайны ва Украіне і першы выезд за мяжу пасля ўступлення Модзі на пасаду прэм'ер-міністра трэцім разам. Хоць у Маскве пастараюцца прадставіць сустрэчу лідараў як довад таго, што Расея не патрапіла ў ізаляцыю пасля ўвядзення заходніх санкцый, паездка Модзі хутчэй тлумачыцца жаданнем пацвердзіць статус-кво ў двухбаковых стасунках і абмежаваць уплыў Кітая, кажуць эксперты і блізкія да індыйскага ўрада спецыялісты.

На рост залежнасці Масквы ад Пекіна Індыя глядзіць з асцярогай, адзначае Свасці Раа, навуковы супрацоўнік Інстытута абаронных даследаванняў і аналізу Манахара Парыкара пры індыйскім міністэрстве абароны:

Паглыбленне стратэгічнага ўзаемадзеяння паміж Расеяй і Кітаем выклікае ў Нью-Дэлі дыскамфорт, бо гэта ўсё адно, што найлепшы сябар спіць з ворагам. Улічваючы нашыя асцярогі, прэм'ер-міністру мае сэнс паехаць туды і пагаварыць з Пуціным на самым высокім узроўні.

Як і Кітай, Індыя скарысталася складаным становішчам, у якое Расея патрапіла праз санкцыі. Яна больш чым у 20 разоў павялічыла закупы расейскай нафты ў параўнанні з 2021 г., сэканоміўшы дзякуючы зніжкам на яе 13 млрд, гаварылася ў красавіцкай справаздачы рэйтынгавага агенцтва ICRA. Яна працягвае набываць у Расеі паслугі і кампаненты для абслугоўвання закупленай раней зброі, хаця буйныя ўгоды, відавочна, больш праводзіць не збіраецца. У 2019–2023 гадах, паводле звестак Стакгольмскага інстытута даследавання праблем свету, Індыя ўпершыню з пачатку 1960-х гг. закупіла ў Расеі/СССР менш за палову ўзбраенняў: доля імпарту склала ўсяго 36% супраць 76% у 2009-2013 гг.

Расея страціла рынак узбраенняў Індыі, на якім дамінавала больш за паўстагоддзя

На сустрэчы Модзі і Пуціна мяркуецца абмеркаваць пастаўкі ў Індыю матэрыяльна-тэхнічных сродкаў для ўмацавання супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі дзвюх краін і аднавіць дыскусію аб супольнай распрацоўцы знішчальніка пятага пакалення, але прарыўных пагадненняў ні ў гэтай, ні ў іншых галінах, хутчэй за ўсё, не будзе, паведамілі Bloomberg інфармаваныя індыйскія чыноўнікі. Таксама, з іх слоў, будзе абмяркоўвацца супрацоўніцтва ў ядзернай энэргетыцы.

Аплаты ў рупіях за расейскую нафту надоўга завіслі на рахунках у індыйскіх банках, усяго іх назапасілася на $8 млрд. Хоць краіны дамовіліся працягваць аплачваць нафту ў дырхамах ААЭ і павялічыць закупы індыйскіх тавараў, іх гадавы экспарт у Расею ўсё яшчэ не перавышае $5 млрд. Баючыся санкцый і складанасцяў з разлікамі, індыйскі бізнэс не гарыць жаданнем нарошчваць абароты.

Візіт Модзі - гэта «падтрыманне статус-кво», сказаў Bloomberg спецыяліст па Індыі Аляксей Захараў з НІУ ВШЭ: «Стасункі не пагаршаюцца, але і асаблівага імкнення іх паляпшаць няма».

Гэта ўжо другі выпадак, калі паварот Пуціна на Усход выклікае занепакоенасць у вядучых краінаў рэгіёну. Так, кітайскія лідары могуць меркаваць, што збліжэнне Пуціна з Паўночнай Карэяй і падпісанне з ёй вайсковага альянсу падчас нядаўняга візіту ў Пхеньян можа аслабіць залежнасць Расеі і КНДР ад Пекіна і справакаваць залішнюю напружанасць у рэгіёне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках