ЕЗ увёў новыя абмежаванні на экспарт у Беларусь аўто і матацыклаў
7- 2.07.2024, 18:37
- 12,032
![ЕЗ увёў новыя абмежаванні на экспарт у Беларусь аўто і матацыклаў](https://i.c97.org/p/articles/ai-148340-aux-head-20150420_es_flag_new_t.jpg)
Гэта вынікае з рэгламенту Рады ЕЗ.
Еўразвяз увёў дадатковую забарону на экспарт некаторых аўтамабіляў і матацыклаў у Беларусь. Гэта вынікае з рэгламенту Рады ЕЗ ад 29 чэрвеня гэтага года. Інфармацыю пра ўведзеныя санкцыі ў сваіх сацсетках пацвярджае адна з кампаній, якая займаецца пастаўкамі ў нашу краіну аўто з-за мяжы, у тым ліку з ЕЗ і ЗША, паведамляе «Люстэрка».
У канцы чэрвеня Еўразвяз ужыў абмежавальныя захады, накіраваныя супраць беларускай эканомікі, у адказ на яе ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны, паведамляецца на сайце Рады ЕЗ.
Так, санкцыйныя абмежаванні на экспарт аўтамабіляў у нашу краіну зведалі змены, вынікае з дакумента са спісам новых санкцый. Аўтатранспарт, які патрапіў пад абмежаванні, у новым дакуменце праходзіць у пераліку прадметаў раскошы. Там указаныя «аўтамабілі для перавозкі дзесяці і больш чалавек, у тым ліку кіроўцы».
Як указана ў санкцыйным пераліку, пад забаронай – транспартныя сродкі для перавозкі людзей коштам больш за 50 тыс. еўраў, а таксама матацыклы даражэйшыя за 5 тыс. еўраў. Цяпер сярод крытэрыяў, паводле якіх будуць вызначаць, ці можна пастаўляць аўто ў нашу краіну, – не толькі аб'ём рухавіка, але і кліранс (гэта адлегласць паміж дарожнай паверхняй і ніжняй часткай кузава транспартнага сродку). У пэўных выпадках гэты кліранс, як счытваецца з санкцыйных дакументаў, не павінен перавышаць 165 мм.
Паводле інфармацыі кампаніі Westmotors, якая займаецца пастаўкамі ў Беларусь аўто з ЕЗ і ЗША, «усё, што аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра, прычым усё роўна, які кліранс, будуць прапускаць». «Усё, што больш за 1,9 літра і кліранс да 165 мм, іх таксама павінны прапускаць», – мяркуюць у кампаніі і дадаюць: калі ж аб'ём рухавіка – большы за 1,9 літра і кліранс ад 165 мм, то такія аўто, хутчэй за ўсё, не будуць выпускаць у нашу краіну.
У той самы час тыя тавары, якія былі набытыя беларусамі да 1 ліпеня 2024 года, змогуць быць пастаўленыя да 1 кастрычніка.
У дакуменце пра санкцыі ўдакладняецца, што ўводзіцца забарона на экспарт вялікай групы тавараў, «якія маглі б спрыяць, сярод іншага, умацаванню беларускіх прамысловых магутнасцяў, незалежна ад таго, адбываюцца яны з ЕЗ ці не».
Пад забарону трапілі таксама камплектавальнікі: люстэркі задняга віду, некаторыя віды шынаў для аўто і матацыклаў, іншае асвятляльнае або візуальна-сігнальнае абсталяванне, турбарухавікі, ахоўная сігналізацыя, кузавы.