У Літве прапанавалі план абароны Вільні на выпадак канфлікту на мяжы і пагрозы праз БелАЭС
5- 2.07.2024, 19:11
- 4,542
![У Літве прапанавалі план абароны Вільні на выпадак канфлікту на мяжы і пагрозы праз БелАЭС](https://i.c97.org/p/articles/2017/ai-258547-aux-head-20170803_vilnius_t.jpg)
Падрабязнасці.
У Вільні 1 ліпеня прапанавалі план палітыкі абароны літоўскай сталіцы на выпадак канфлікту ў сувязі з тым, што горад знаходзіцца недалёка ад мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе Delfi.
Як расказаў мэр Вільні Валдас Бенкунскас, у план палітыкі абароны ўваходзіць і такі захад, як эвакуацыя. Яе будуць праводзіць па шасці кірунках па дарогах, якія вядуць на захад і на поўдзень, усё будзе залежаць ад розных умоваў, напрыклад ад таго, ці застануцца ў горадзе масты. Планы эвакуацыі выдаваць не будуць.
«Вільня – сталіца, таму яна мішэнь і цэль № 1. І па-за ўсякім сумневам, – мы знаходзімся побач з мяжой Беларусі. За некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Вільні ёсць Астравецкая АЭС, якая з'яўляецца пагрозай», – патлумачыў Бенкунскас.
Паводле ягоных словаў, падрыхтаваны план уключае дзве часткі: дапамога абароне і ўмацаванне цывільнай абароны. Што датычыцца першага, то ён уключае новую прастору для дронаў, ваенную камендатуру і прыняцце нямецкай брыгады ў сталіцы Літвы.
Таксама мэр Вільні нагадаў, што ў горадзе ёсць сховішчы, у якіх на некаторы час могуць прытуліцца 50% жыхароў. Аднак мэта кіраўніцтва горада – даць прытулак 100% жыхароў. Як расказаў мэр, цяпер ідуць перамовы ў гэтым пытанні з уладальнікамі нерухомасці, напрыклад гандлёвых цэнтраў, офісаў, праводзіцца інвентарызацыя будынкаў з падземнымі памяшканнямі, якія прыдатныя для выкарыстання ў якасці сховішчаў.
Цяпер у Вільні ёсць 41 сірэна для папярэджання пра небяспеку. Сігнал могуць пачуць 30 адсоткаў жыхароў. Улетку ўсталююць яшчэ 52. Увосень будуць тэставаць новую сетку.