27 лiпеня 2024, Субота, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як цяпер паставіць на ўлік у Літве самаход з Беларусі?

2
Як цяпер паставіць на ўлік у Літве самаход з Беларусі?

Важны момант, на які варта звярнуць увагу

Беларусы, якія жывуць у Літве з часовым або сталым ДнЖ, маюць права паставіць свае беларускія аўтамабілі на літоўскі ўлік. Калі ДнЖ яшчэ няма, то атрымаць літоўскія нумары не выйдзе, піша «Наша Ніва».

Першы важны момант, на які трэба звярнуць увагу, гэта дата рэгістрацыі вашага аўтамабіля ў Беларусі. Аўтамабіль мае быць набыты вамі мінімум за 6 месяцаў да даты пераезду ў Літву, калі быць дакладней, даты атрымання ДнЖ.

Першыя крокі

Рэгістрацыяй транспартных сродкаў у Літве займаецца Regitra (аналаг нашага рэгістрацыйнага аддзялення ДАІ).

Але раз ваш аўтамабіль лічыцца таварам з трэціх краін, перад рэгістрацыяй неабходна прайсці экспертызу на адпаведнасць аўтамабіля еўрапейскім стандартам.

Экспертызу праводзіць арганізацыя пад назвай Tuvlita. За легкавы аўтамабіль трэба заплаціць 90 еўраў. Калі ваш аўтамабіль першапачаткова быў прызначаны для еўрапейскага рынка, то працэдуру можна назваць фармальнай.

Калі Вы — уласнік аўтамабіля з ЗША, самаход трэба будзе дадаткова абсталяваць процітуманнай фарай на тыльнай частцы аўтамабіля.

Пасля экспертызы трэба прайсці тэхнічны агляд, кошт паслугі — 23 еўры. Ён адрозніваецца ад беларускага тэхнічнага агляду, але неістотна.

Наступны этап — купля літоўскага поліса. Ён мае быць выпісаны да таго, як Вы будзеце падаваць дакументы ў Regitra.

У залежнасці ад кампаніі яна можа каштаваць ад 150 да 300 еўраў за год.

Што далей

Маючы на руках сэртыфікат адпаведнасці аўтамабіля еўрапейскім стандартам (экспертызу), тэхнічны агляд і поліс, можна адпраўляцца на спраўджванне VIN-нумару і падачу дакументаў на выдачу тэхнічнага пашпарта.

Выдаткі на рэгістрацыю (тэхнічны пашпарт і нумары) складаюць блізу 35 еўраў.

У залежнасці ад узроўню экалагічнасці легкавіка з Вас могуць узяць экалагічны падатак. Яго сума залежыць ад аб'ёмаў шкодных выкідаў і можа складае ад 13,5 да 540 еўраў. За новыя і больш-менш сучасныя аўтамабілі падатак нулявы.

Падатак на шкодныя выкіды трэба плаціць толькі адзін раз пры пастаноўцы на ўлік. Штогадовага падатку на аўтамабіль у Літве няма.

Нягледзячы на тое, што працэдура пастаноўкі на ўлік беларускага аўтамабіля можа здавацца складанай, змяніць краіну рэгістрацыі можна за адзін дзень.

Беларусы, якія надоечы праходзілі гэтую працэдуру, кажуць, што на ўсё ідзе 4-5 гадзін.

Што з беларускім тэхнічным пашпартам і нумарамі?

Беларускі тэхнічны пашпарт забірае Regitra. З нумарамі, як паказвае практыка, можа быць па-рознаму. У адных іх забіраюць на захоўванне разам з тэхнічным пашпартам, а іншым пакідаюць на руках.

Калі беларус раптам захоча вярнуць аўтамабілю беларускую рэгістрацыю, то з гэтым няма праблем. Уласніку трэба зноў звярнуцца ў Regitra, зняць аўтамабіль з літоўскага ўліку, пасля чаго яму вернуць беларускія дакументы і нумарныя знакі.

Раз атрыманне літоўскіх нумароў не азначае аўтаматычнага зняцця аўтамабіля з уліку ў Беларусі, вам давядзецца штогод плаціць за яго транспартны падатак на радзіме.

Ці існуюць нейкія абмежаванні?

Раз пры такой рэгістрацыі легкавікі беларусы вызваляюцца ад аплаты мытаў, беларускія аўтамабілі на літоўскай рэгістрацыі нельга прадаваць на працягу 12 месяцаў ад даты першай рэгістрацыі ў Літве.

Калі Вы захочаце прадаць аўтамабіль раней, то гэта зрабіць магчыма, але давядзецца заплаціць 10% мыты і 21% ПДВ.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках