20 лiпеня 2024, Субота, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паплечнік Кадырава «вярнуў на зямлю» Скабееву

Паплечнік Кадырава «вярнуў на зямлю» Скабееву

Апты Алаўдынаў шчыра заявіў, што для вялікага наступу няма сіл.

Блізкі паплечнік кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава камандзір спецыяльнага падраздзялення "Ахмат" Апты Алаўдынаў параіў расейцам не чакаць вялікіх ваенных поспехаў ва Украіне. Расейскае войска больш не мае сіл.

Такую заяву ён зрабіў у эфіры прапагандысцкага ток-шоу "60 хвілін" на тэлеканале "Расія 1", паведамляе Діалог.UA.

Вядоўца перадачы Вольга Скабеева пацікавілася ў Алаўдынава, ці трэба РФ рыхтаваць вялікі наступ у вайне супраць Украіны. Адказ быў для яе нечаканым.

Камандзір "кадыраўцаў" шчыра заявіў, што на такую аперацыю РФ не мае ні жывой сілы, ні тэхнікі, ні зброі. Ён таксама паскардзіўся на вялізныя страты. Алаўдынаў, апроч іншага, раскрытыкаваў «канапных» ультрапатрыётаў, якія незадаволеныя зацягваннем вайны і патрабуюць хуткіх перамог.

«Я вось часта чую меркаванне людзей, якія далёкія ад рэальных баявых дзеянняў, яны сядзяць далёка на сваіх цёплых канапах, у іх усё добра, (...) у іх бывае такое абмеркаванне, чаму мы не робім нейкіх моцных рухаў… для таго, каб правесці поўнамаштабныя наступальныя дзеянні, у краіне трэба будзе правесці мабілізацыю. У гэтым выпадку нам трэба мабілізаваць ад 500 (тысяч — рэд.) да мільёна чалавек, каб цалкам задаволіць нашы патрэбы. І, мабілізаваўшы такую колькасць насельніцтва, мы павінны яго ўзброіць, абсталяваць… Калі мы будзем весці буйнамаштабныя дзеянні (...), будзем мець дастаткова сур'ёзныя страты. Мы павінны заўсёды ўзважваць, наколькі нам трэба праводзіць такія буйнамаштабныя дзеянні з такімі вялікімі стратамі для таго, каб імгненна задаволіць пажаданні некаторых прадстаўнікоў нашай дзяржавы. Калі згадаць Другую сусветную вайну, нават вось дзеянні маршала Жукава, які на вызваленне аднаго горада Ржэва паклаў 1,3 млн савецкіх жаўнераў… Хацеў бы хто-небудзь, каб мы паклалі такую колькасць нашых жаўнераў на «вызваленне» якіх бы там ні было паселішчаў, дый усёй Украіны? Вядома ж, не!» – заявіў паплечнік Кадырава.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках