20 лiпеня 2024, Субота, 16:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Па кодавым слове «Барысаўна» выкінула ў акно €760 тысяч»

19
«Па кодавым слове «Барысаўна» выкінула ў акно €760 тысяч»

16-гадовы кур'ер забраў у дваіх пенсіянераў астранамічную суму грошай.

У Менску вынеслі прысуд падлетку, якога абвінавацілі ў незаконным абарачэнні сродкаў аплаты і махлярстве, пішуць "Мінск-Новості".

Юнак шукаў падпрацоўку і адгукнуўся на прапанову незнаёмага інтэрнэт-карыстальніка за ўзнагароджанне зарэгістраваць на сваё імя банкавыя карткі. Пры гэтым суразмоўца запэўніў, што нічога супрацьзаконнага няма. Паверыўшы, падлетак адкрыў у розных банках чатыры рахункі, а пасля паведаміў іх рэквізіты, за што атрымаў 175 рублёў.

Пасля той жа карыстальнік прапанаваў хлопцу падзарабіць яшчэ — патрабавалася ў таксіста забраць вялікую суму (10 600 даляраў) і перадаць яе крыптавалютніку. Юнак пагадзіўся і выканаў даручэнне, за што атрымаў 300 даляраў. Выявілася, грошы належалі паджыламу жыхару Салігорска, якога тэлефонныя ашуканцы пераканалі "задэклараваць" ашчадак.

Праз тыдзень «працадаўца» папрасіў фігуранта забраць грошы ў жыхаркі вуліцы Розы Люксембург — 76-гадовая жанчына таксама стала ахвярай ашуканцаў.

Тыя тэлефанавалі ёй з замежных нумароў, прадстаўляліся супрацоўнікамі ДФР і пераконвалі, што невядомыя з дапамогай яе пашпартных звестак спрабуюць перавесці грошы на сумнеўныя рахункі. Суразмоўца настойліва рэкамендаваў адправіцца ў найбліжэйшае аддзяленне банка і задэклараваць увесь наяўны ашчадак, аднак жанчына адмовілася пільнавацца наказаў.

Тады аферысты пачалі па чарзе тэлефанаваць мянчанцы праз відэасувязь, паказвалі свае "пасведчанні" і пераконвалі прыслухацца да іхняга меркавання. Яны прапанавалі ёй самім забраць грошы — патрабавалася толькі загарнуць грошы ў ручнік і па кодавым слове ад пасланца "Барысаўна" выкінуць скрутак у акно.

Пенсіянерку здаволіў гэты варыянт. Яна сабрала ўсе сямейныя грошы: 764 500 еўраў, 5300 даляраў і 5700 рублёў — і, дачакаўшыся загаду ад кур'ера, скінула яму пакунак.

Хлопец, атрымаўшы пакунак з грашыма, накіраваўся ў кавярню на вуліцу Максіма Багдановіча на сустрэчу з крыптавалютнікам. На загад куратара ён узяў сабе ў якасці ўзнагароды 5700 рублёў, 700 еўраў і 300 даляраў.

Аднак грошы да ашуканцаў так і не патрапілі — там жа, у кавярні, падлетка затрымалі. Пасля ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Віну юнак прызнаў часткова.

Хлопец на момант учынення злачынства навучаўся ў 10-м класе адной са сталічных гімназій, раней праблем з законам не меў.

Суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.222 КК (незаконнае абарачэнне сродкаў аплаты і (або) інструментаў) і ч.4 арт.209 КК (махлярства), і прызначыў канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады і 6 месяцаў са штрафам 30 базавых адзінак (1200 рублёў).

Аднак у адпаведнасці з ч.2 арт.77 КК суд адтэрмінаваў выкананне пакарання на тры гады, абавязаўшы абвінавачанага не мяняць месца жыхарства без згоды органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі, перыядычна з'яўляцца ў міліцыю для рэгістрацыі і не выязджаць за межы места ў асабістых справах на тэрмін большы за адзін месяц.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках