20 лiпеня 2024, Субота, 18:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Літвы на вайсковых вучэннях: Разгортванне сістэмы Patriot у краіне натхняе

3
Прэзідэнт Літвы на вайсковых вучэннях: Разгортванне сістэмы Patriot у краіне натхняе

Вучэнні Baltic Connection 24 праводзяцца ў Літве ўпершыню.

У пятніцу прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Гітанас Наўсэда назіраў за вайсковымі вучэннямі Baltic Connection 24 (BALTCON24) на авіяцыйнай базе Вайскова-паветраных сіл Літвы ў Шаўлях, адзначае Delfi.

Са слоў кіраўніка літоўскай дзяржавы, вучэнні, у якіх удзельнічаюць разгорнуты ў Літве зенітны ракетны комплекс далёкага радыюсу дзеяння Patriot нідэрландскіх ВПС, літоўскія сілы супрацьпаветранай абароны і кантынгенты місіі NATO ў патруляванні паветранай прасторы краін Балтыі, яшчэ раз дэманструюць важнасць супрацоўніцтва з хаўруснікамі, адзначаецца ў паведамленні Групы камунікацыі Прэзідэнтуры.

“Сёння Літва можа разлічваць на абарону сістэмы Patriot. Не менш важнай з'яўляецца магчымасць спраўдзіць і палепшыць яе аперацыйную сумяшчальнасць з нашымі сістэмамі СПА NASAMS і цэнтрамі кіравання паветранымі аперацыямі. Гэта станоўча паўплывае на бяспеку паветранай прасторы краіны», – сказаў прэзідэнт Літвы.

Кіраўнік літоўскай дзяржавы адзначыў, што сістэма Patriot разгорнутая ў Шаўлях пасля некалькіх гадоў дыскусій і перамоў. На саміце NATO ў Мадрыдзе ў 2022 годзе была дасягнутая дамоўленасць аб узмацненні захадаў Альянсу для абароны і стрымлівання. На саміце NATO 2023 года ў Вільні была прынятая пастанова як мага хутчэй укараніць ратацыйную мадэль СПА, пачынаючы з усходняга флангу Альянсу. Саміт NATO ў Вашынгтоне, які закончыўся тыдзень таму, пацвердзіў прыхільнасць хаўруснікаў павышэнню гатовасці інтэграванай сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны NATO.

«Я шчыра ўдзячны Нідэрландам за магчымасць выпрабаваць новую ратацыйную мадэль СПА ў Літве. У красавіку гэтага года тагачасны прэм'ер-міністр гэтай краіны Марк Рутэ не толькі паабяцаў даць сістэму Patriot, але і паклапаціўся аб тым, каб гэтае абяцанне было выкананае. Такое ладнае супрацоўніцтва натхняе на будучыню!», – адзначыў Г.Наўсэда.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цалкам заканамерна, што менавіта Марк Рутэ, які ўжо давёў, наколькі сур'ёзна ён ставіцца да неабходнасці ўсебаковага ўмацавання Альянсу, быў надоечы назначаны генеральным сакратаром NATO, зазначаецца ў паведамленні сядзібы прэзідэнта.

- На прыкладзе Украіны мы маглі пераканацца, якую ролю граюць сродкі супрацьпаветранай абароны. Там яны неабходныя для абароны не толькі вайсковых сіл і сродкаў, але і стратэгічных дзяржаўных аб'ектаў і цывільнай інфраструктуры. І мы таксама максімальна ўносім свой уклад у тое, каб зрабіць неба Украіны больш бяспечным, — падкрэсліў прэзідэнт.

Вучэнні Baltic Connection 24 (BALTCON24) праводзяцца ў Літве ўпершыню. У вучэннях удзельнічаюць дастаўлены з Нідэрландаў ЗРК далёкага радыюсу дзеяння Patriot, батальён супрацьпаветранай абароны ВПС Літвы з ЗРК сярэдняга радыюсу дзеяння NASAMS, гішпанскія і партугальскія знішчальнікі, якія выконваюць місію NATO ў патруляванні паветранай прасторы краін Балтыі, Цэнтр паветраных аперацый.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках