Тры ачагі пажару: новыя дэталі ўдару па расейскім аэрадроме Мілераве
- 21.07.2024, 8:04
- 10,916
З’явіліся спадарожнікавыя фота наступстваў.
Удары 20 ліпеня нанеслі некаторыя пашкоджанні аэрадрому вайсковай авіяцыі РФ Мілераве ў Растоўскай вобласці. Зрэшты, выбухі разнеслі будынкі тэхнічна-эксплуатацыйнай часткі і склад гаруча-змазачных матэрыялаў.
Пра гэта паведамляе Радыё Свабода. Наступствы выбухаў паказалі на спадарожнікавых здымках у фармаце відэа.
Вайсковы аэрадром каля Далацінкі, паводле слоў расейцаў, быў атакаваны ўкраінскімі дронамі ў ноч на суботу. Мясцовыя жыхары налічылі больш за 16 выбухаў зблізку, таксама іх чулі ў раёне нафтабазы.
На адным са здымкаў, зробленым пасля ўдару, бачныя тры ачагі пажару. Паводле звестак сэрвісу Wikimapia, адзін з іх быў на месцы ангара тэхнічна-эксплуатацыйнай часткі.
Другі пажар успыхнуў на адкрытай мясцовасці каля ўзлётных палос, а трэці - там, дзе знаходзіцца адзін са складоў ГЗМ.
«Фатаграфія з космасу пацвярджае заявы расейскіх крыніц аб тым, што самалёты пры ўдары дронаў не пацярпелі», – адзначылі журналісты.