Трамп заявіў, што атрымаў «выдатнае пасланне» ад Сі Цзіньпіна
9- 21.07.2024, 13:14
- 7,134
Кіраўнік КНР зрабіў гэта пасля замаху на кандыдата ў прэзідэнты ЗША.
Кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп паведаміў, што пасля замаху на мінулым тыдні атрымаў пасланне ад старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Пра гэта ў нядзелю, 21 ліпеня, паведамляе Reuters.
«(Сі) напісаў мне выдатную цыдулку на днях, калі пачуў аб тым, што адбылося», - сказаў Трамп падчас выступу на перадвыбарным мерапрыемстве ў штаце Мічыган, якое стала першым для яго пасля перажытага замаху.
Трамп расказаў аб пасланні ад Сі падчас абмеркавання сваёй эканамічнай палітыкі ў дачыненні да Кітая ў часы свайго прэзідэнцтва.
«Я вельмі добра ладзіў з прэзідэнтам Сі», – сказаў экс-прэзідэнт ЗША.
Падчас свайго выступу Трамп таксама згадваў пасланні ад іншых сусветных лідараў пасля замаху.
Трамп падчас выступу ў Мічыгане рэзка раскрытыкаваў сваіх палітычных апанентаў. Пасля закліку да нацыянальнага адзінства на пачатку тыдня ён вярнуўся да «звыклай перадвыбарнай тактыкі» — выкарыстання абразлівай лексікі для нападу на дэмакратаў, напісала агенцтва Reuters.