27 лiпеня 2024, Субота, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі пачаўся дэфіцыт бензіну

22
У Расеі пачаўся дэфіцыт бензіну

Выпуск паліва ў краіне ўпаў да мінімумаў за два гады.

Расейскі паліўны рынак сутыкнуўся з нястачай бензіну Аі-95 пасля серыі ўдараў Украіны па нафтаперапрацоўчых заводах, праз якія выпуск паліва ў краіне ўпаў да мінімумаў за два гады, паведамляе The Moscow Times.

Дэфіцыт Аі-95 на біржавым гандлі палівам прыняў хранічны характар, расказалі Reuters трэйдары і ўдзельнікі рынку. Праз нястачу аптовых партый кошты бензіну імкліва растуць і ў канцы мінулага тыдня наблізіліся да рэкордаў паліўнага крызісу мінулай восені.

На Санкт-Пецярбургскай таварна-сыравіннай біржы каціроўкі «Прэміум 95» 19 ліпеня дасягнулі 73605 рублёў за тону, а з пачатку лета ўзляцелі на 44%, або 22,5 тысячы рублёў.

«'Пятага' проста не стае на ўсіх», – скардзіцца адзін з трэйдараў. Паводле ягоных словаў, на рынку ўзнік «ажыятаж», таму што неўзабаве пачнуцца восеньскія рамонты на НПЗ, і дэфіцыт можа пагоршыцца.

Паводле словаў крыніцаў Reuters, у нафтазаводаў цяпер няма свабодных аб'ёмаў, якія можна было б накіраваць на рынак, каб збіць кошты.

Паводле звестак Bloomberg, аб'ёмы перапрацоўкі нафты ў Расеі ў чэрвені сталі самымі нізкімі з 2022 года пасля таго, як у канцы траўня ўсталі два буйныя НПЗ «Раснафты» – Туапсінскі і Камсамольскі. Першы з іх другі раз з пачатку года пацярпеў ад нападу ўкраінскіх дронаў, праз якія ўжо спыняў вытворчасць зімой. Тады на аднаўленне завода ад пажару спатрэбілася больш за тры месяцы.

Усяго ў чэрвені прастойвала 15,5% магутнасцяў расейскіх НПЗ, або 4,1 млн тонаў – удвая больш, чым у траўні, падлічыў Reuters. Афіцыйная аператыўная статыстыка выпуску НПЗ з канца траўня засакрэчаная: Мінэнэрга перастала падаваць штотыднёвыя звесткі ў Расстат, спасылаючыся на «геапалітычную сітуацыю» і неабходнасць абараніць рынак ад пагрозы «маніпуляцый».

«У канцы ліпеня некалькі заводаў вернуцца ў працу», – кажа крыніца Reuters, дадаючы, зрэшты, што восенню зноў чакаецца падзенне вытворчасці праз сезонную прафілактыку на НПЗ.

Бензін Аі-92 таксама расце ў кошце, хоць і больш павольна: з пачатку чэрвеня ён падаражэў на біржы на 23%. У выніку розніца паміж коштам Аі-92 і Аі-95 упершыню ў гісторыі перавысіла 15 тысячаў рублёў за тону.

Праблему прызнаюць ва ўрадзе. «Напружыла сітуацыя з 95-м (аўтабензінам)», – заявіў 16 ліпеня ў кулуарах Каўказскага інвестыцыйнага форуму віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак. Прычына, прызнаў ён, – у «рамонтнай кампаніі», якую праводзяць нафтазаводы. З верасня ўлады плануюць ізноў забараніць вывозіць бензін на экспарт, баючыся паўтарэння крызісу мінулага года, калі эканоміка засталася без паліва ў разгар уборкі ўраджаю.

Крыніцы Reuters звязваюць нястачу Аі-95 яшчэ і з тым, што попыт на яго прыкметна вырас у апошнія гады, а НПЗ, адрэзаныя санкцыямі ад замежных тэхналогій, не гатовыя нарасціць яго выпуск.

«Некалькі гадоў таму на літр 'пятага' прадавалі тры літры 'другога'. Цяпер суадносіны два да трох нават на запраўках у глухіх раёнах вобласці. АЗС на трасах у бок Масквы пароўну другі і пяты, летам пятага нават больш могуць прадаваць», – расказаў уладальнік сеткі АЗС у Цэнтральнай ФА.

Тэхнічныя спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што немагчыма бязбольна нарасціць выпуск Аі-95 замест Аі-95. «У гэтым выпадку выпуск Аі-92 скароціцца больш, чым дадасца Аі-95, – тлумачыць тэхнолаг адно з НПЗ. – Пры нязменным пуле бензінавых кампанентаў агульны выпуск аўтабензіну зніжаецца пры павелічэнні дзелі прадукту з больш высокім актанам».

Тое, што адбываецца ў расейскай галіне нафтаперапрацоўкі – гэта адкладзены эфект санкцый, мяркуе незалежны нафтагазавы эксперт Кірыл Радзімонаў. Добрага выйсця ва ўладаў няма, мяркуе ён: нарасціць выпуск не атрымаецца, пакуль дзейнічаюць санкцыі на ўвоз абсталявання для НПЗ і прадаўжаюцца напады дронаў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках