27 лiпеня 2024, Субота, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байдэн абвясціў пра выхад з выбарчай гонкі

60
Байдэн абвясціў пра выхад з выбарчай гонкі

Апублікаваная заява амерыканскага прэзідэнта.

Дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў, што здымае сваю кандыдатуру з прэзідэнцкіх выбараў.

«Для мяне было найвялікшым гонарам у жыцці быць вашым прэзідэнтам. І хоць я меў намер дамагацца перавыбрання, я мяркую, што ў інтарэсах маёй партыі і краіны сысці ў адстаўку і засяродзіцца выключна на выкананні сваіх абавязкаў прэзідэнта на рэшту тэрміну», – сказана ў заяве, апублікаванай у Х Байдэна.

Ён таксама паведаміў, што звернецца да грамадзянаў ЗША пазней на гэтым тыдні з больш падрабязнай інфармацыяй пра сваю пастанову.

Цягам больш як трох тыдняў 81-гадовы дзейны кіраўнік дзяржавы цярпеў магутны ціск з боку аднапартыйцаў, якія патрабавалі, каб ён спыніў сваю перадвыбарную кампанію. Нагодай стаў няўдалы выступ на першых дэбатах супраць рэспубліканца Дональда Трампа, падчас якіх амерыканскі прэзідэнт выглядаў разгубленым, запінаўся і страчваў ход думкі.

Спачатку ўсе дыскусіі ўнутры Дэмакратычнай партыі датычна будучай кампаніі Байдэна насілі закрыты характар, хоць незадаволенасць і асцярогі асобных яе чальцоў прасочваліся ў СМІ. Але потым больш як 20 кангрэсмэнаў публічна заклікалі прэзідэнта зняць сваю кандыдатуру. Да іх таксама далучыўся шэраг буйных донараў партыі і нават галівудскія знакамітасці, у тым ліку Джордж Клуні.

За кулісамі да падобнага кроку Байдэна заклікалі і галоўныя ветэраны Дэмпартыі – лідар большасці дэмакратаў у сенаце Чак Шумер і былая спікерка палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі. Яны выказвалі перасцярогу, што калі Байдэн застанецца ў гонцы, то разам з Белым домам страціць кантроль і над палатамі кангрэса ЗША, поўнасцю развязаўшы Трампу рукі ў выпадку ягонай перамогі.

У апошнія дні Байдэн хоць і прадаўжаў публічна настойваць на сваёй кандыдатуры, у прыватных гутарках дэманстраваў усё большую адкрытасць да магчымасці зняцца з выбараў. Як расказвалі крыніцы CNN, прэзідэнт перайшоў ад сцвярджэнняў, што віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс не зможа перамагчы Трамп, да пытання «а ці зможа Харыс перамагчы?». ABC News паведаміў са спасылкай на высокапастаўленага супрацоўніка Белага дому, што Байдэн нават замовіў апытанне грамадскай думкі, каб ацаніць яе шанцы ў выпадку сваёй адмовы ад гонкі.

17 ліпеня ў Байдэна дыягнаставалі заражэнне каранавірусам. Палітык скасаваў перадвыбарчыя мерапрыемствы і пакінуў Вашынгтон, каб праходзіць каранцін у летнім доміку ў Дэлавэры.

Партыйны з'езд дэмакратаў, на якім партыі неабходна вызначыцца са сваімі кандыдатамі ў прэзідэнты і віцэ-прэзідэнты, мусіць прайсці ў Чыкага 19–22 жніўня. Паводле вынікаў унутрыпартыйных выбараў, якія закончыліся ў пачатку чэрвеня, Байдэн – адзіны кандыдат, які змог заручыцца неабходнай колькасцю галасоў партыйных дэлегатаў для вылучэння ў прэзідэнты.

Аднак Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі планаваў правесці «віртуальную пераклічку» партыйных дэлегатаў за два тыдні да з'езду, у пачатку жніўня, каб не прапусціць тэрміны падачы дакументаў на ўключэнне свайго кандыдата ў бюлетэні ў Агаё. Згодна з мясцовым заканадаўствам, яны заканчваліся ўжо 7 жніўня, аднак нядаўна губернатар штата падпісаў закон, які падоўжыў іх да пачатку верасня. Зрэшты, дакумент пачынае дзеянне толькі 1 верасня, таму нацыянальны камітэт Дэмпартыі спадзяваўся пры дапамозе датэрміновага галасавання ўнікнуць магчымых юрыдычных праблемаў.

Найбольш верагодным кандыдатам на замену Байдэну называюць Камалу Харыс: паводле некаторых апытанняў, яшчэ да зняцця прэзідэнта з гонкі ў яе было больш шанцаў перамагчы Трампа. Гучаць імёны і іншых магчымых прэтэндэнтаў: сенатара Марка Кэлі, міністра транспарту Піта Бутыджыча, а таксама губернатараў Гэвіна Ньюсама, Грэтхен Уітмер, Джошуа Шапіра, Уэса Мура і іншых.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках