МЗС Нямеччыны пракаментаваў справу асуджанага ў Беларусі на смерць Рыка Крыгера
10- 22.07.2024, 15:13
- 16,388
І заклікае "набрацца цярпення".
МЗС Нямеччыны працуе над справай Рыка Крыгера, асуджанага на смяротную кару ў Беларусі.
Прадстаўнік ведамства Крысціян Вагнер заявіў, што Крыгеру з самага пачатку надаецца консульская дапамога, піша «Нямецкая хваля».
«Мы займаемся ягоным лёсам і з самага пачатку надаем яму інтэнсіўную консульскую падтрымку. А таксама актыўна абараняем яго інтарэсы перад беларускімі ўладамі», - адзначыў Вагнер.
Ніякіх падрабязнасцяў прадстаўнік МЗС Нямеччыны не паведаміў. Акрамя таго, ён ухіліўся ад адказу на пытанне аб магчымых прапановах Менска аб лёсе Крыгера.
«У гэтым кірунку вам яшчэ давядзецца набрацца цярпення. Як я ўжо сказаў, нашым прыярытэтам з'яўляецца ўсебаковая падтрымка», - дадаў ён.
Са слоў Вагнера, нягледзячы на непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі абраным прэзідэнтам, Бэрлін падтрымлівае дыпламатычныя стасункі з Беларуссю.
«У нас ёсць амбасада ў Менску, яна дзейная і працуе. Гэта консульская падтрымка ажыццяўляецца на месцы. Як я ўжо сказаў, я не буду ўдавацца ў падрабязнасці. Я магу адказаць агульна, што звычайна ўключае ў сябе консульскую дапамогу: кантакты з затрыманым, кантакты з сямейнікамі, адвакатамі, наведванні турмаў і абмеркаванне ўмоў утрымання з уладамі», - растлумачыў Вагнер.