Залужны ўпершыню выступіў пасля адстаўкі з пасады гетмана УСУ
4- 23.07.2024, 12:42
- 15,966
І расказаў свой рэцэпт перамогі ў вайне.
Тэхналогіі стануць вызначальнымі ў расейска-ўкраінскай вайне, больш за тое - на іх будзе базавацца глабальная бяспека будучыні.
Пра гэта заявіў былы кіраўнік УСУ Валерый Залужны ў сваім выступе на RUSI Land Warfare Conference 2024 у Лондане, паведамляе “РБК-Україна”.
На мерапрыемстве абмяркоўваліся крытычныя пытанні бяспекі, у тым ліку выклікі, звязаныя з расейскай агрэсіяй, і неабходнасць быць гатовымі супрацьстаяць ім далей.
У сваім выступленні Залужны адзначыў, што вайна, якая пачалася ў 2022 годзе, "цалкам не падобная" да той, якая вялася з 2014 года.
Галоўнай праблемай, паводле ягоных слоў, сталі новыя формы прымянення найноўшых тэхналогій. Залужны перакананы, што вынаходства новых спосабаў прымянення лагічна прывяло б да змен у структуры войска агулам.
“…Сёння мы ўжо вынайшлі спосаб ваяваць і перамагаць мацнейшыя войскі XXI стагоддзя. Відавочна, што менавіта тэхналогіі павінны забяспечыць устойлівасць украінскай нацыі”, - заявіў Залужны.
У той жа час, зазначыў ён, раскйска-ўкраінская вайна - гэта "яшчэ не вайна будучыні", гэта "вайна пераходнага перыяду".
“Але менавіта нашая вайна фармуе новыя правілы. Мы, украінцы, сваёй крывёй і прагай перамогі фармуем новыя мадэлі новай вайны. Вайны, якая стане вайной будучыні”, - сказаў палітык.
Больш за тое, мяркуе Залужны, тэхналогіі стануць асновай будучай глабальнай бяспекі.
Разам з тым, ён перакананы, што на сённяшні дзень з-за розных прычын ні Украіна, ні Расея не змогуць самастойна асвоіць тэхналогіі ў найбліжэйшай будучыні. Гэта значыць, што адзіным выйсцем можа стаць павелічэнне колькасці чалавечых рэсурсаў.
“Сёння, як ніколі, менавіта ва Украіне знаходзяць спосабы выжывання і ствараюць тэхналогіі. Але з зразумелых прычын яны не могуць маштабавацца. З іншага боку, у нашых партнёраў ёсць рэсурсы, але няма практычнага поля для іх праверкі. Толькі разам мы зможам эфектыўна выкарыстоўваць рэсурс…” – сказаў Залужны.