22 снежня 2024, Нядзеля, 13:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Харыс стане праблемай для Лукашэнкі і Пуціна

42
Палітолаг: Харыс стане праблемай для Лукашэнкі і Пуціна

Расейская прапаганда ўжо баіцца яе больш, чым Клінтан у 2016-м.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс, хутчэй за ўсё, стане кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі.

Як зменіцца прэзідэнцкая гонка? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў са славацкім палітолагам і прэзідэнтам Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгорам Месежнікавым:

- Што тычыцца сцэнару гэтай кампаніі, думаю, што вялікіх зменаў не будзе. Дагэтуль мы назіралі канфрантацыю паміж дзвюма партыямі.

Што тычыцца дэмакратаў, то яны зараз будуць падганяць гэтую кампанію да асабістых характарыстык Харыс. Гэта можа ўскладніць камандзе Трампа сітуацыю. Бо яны ўжо скарысталіся фізічным станам Джо Байдэна, актыўна праводзячы на гэтым кампанію. Цяпер жа сітуацыя мяняецца. Харыс вельмі энэргічны, малады (у параўнанні з Трампам) чалавек.

Каманда Трампа зараз будзе выпрацоўваць нейкую стратэгію супрацьстаяння Камале Харыс. Думаю, што будуць педаляваць тэмы, звязаныя з ідэнтычнасцю, мультыкультуралізмам, стаўленнем да мігрантаў і іншае.

Дарэчы, сёння я прачытаў даволі рэзкае выказванне Харыс аб Трампе, што ён «асуджаны злачынец», а яна была пракурорам, змагалася са злачынцамі. Харыс можа больш выразна выкарыстоўваць гэты элемент у сваёй кампаніі.

- Чаго чакаць ад Камалы Харыс, калі яна здолее стаць прэзідэнтам ЗША?

- Яна яшчэ не стала афіцыйным кандыдатам, трэба пачакаць. Вельмі важна яшчэ і тое, хто будзе яе віцэ-прэзідэнтам. Гэта важна з пункту гледжання падтрымкі, бо калі той, хто стане віцэ-прэзідэнтам будзе са спецыфічнымі характарыстыкамі, то гэта можа ёй ці дапамагчы, ці нашкодзіць у розных сегментах.

Растлумачу: зараз выказваюцца меркаванні, што яе кандыдатам на віцэ-прэзідэнта стане Джош Шапіра. Яго габрэйскае паходжанне можа, з аднаго боку, супакоіць выбарцаў дэмакратычнай партыі, сярод якой шмат габрэяў, але ў некаторых «swing state» (заўсёдных штатах — заўв.) можа паўплываць адмоўна праз рэзка антыізраільскія пазіцыі многіх выбарцаў арабскага паходжання ці мусульманскага веравызнання.

Калі казаць аб тым, якім Харыс будзе прэзідэнтам, то ва ўнутранай палітыцы яна будзе падтрымліваць усё, што звязанае з рэалізацыяй правоў чалавека, прынамсі, правоў жанчын, мігрантаў і іншае.

Што тычыцца міжнароднай палітыкі, думаю, што яна будзе працягваць палітыку Байдэна ў асноўных контурах: супрацоўніцтва з Еўропай, падтрымка хаўруснікаў па NATO і Украіны. Што да Ізраіля, то ў стратэгічных інтарэсах ЗША мець такога хаўрусніка на Блізкім Усходзе, таму чаканая яго падтрымка і з боку новай адміністрацыі дэмакратаў.

Паглядзім, усё можа адбыцца. Але яна чалавек з прадказальнай лініяй, што адрознівае яе ад непрадказальнага Трампа. Ці верыць ён сам у тое, пра што гаворыць?

- Ці будзе яна праблемай для рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна?

- Думаю, што будзе. Я краем вока звярнуў увагу, што расейскія каналы называюць Харыс ледзь не вылюдкам пекла. Яе баяцца нават больш, чым Хілары Клінтан у 2016-м. Гэта паказальна.

Дэмакратычныя сілы Беларусі могуць спадзявацца на тое, што падтрымка будзе на ўзроўні цяперашняй, а можа, і ўзмоцніцца. Будуць зробленыя канкрэтныя крокі для паслаблення рэжыму Лукашэнкі і падтрымкі беларусаў.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках