Bloomberg: Польшча намацала стратэгічную ўразлівасць Лукашэнкі
19- 24.07.2024, 22:38
- 45,192
Сталі вядомыя падрабязнасці сустрэчы Дуды і Сі Цзіньпіна.
Паводле інфармацыі крыніц агенцтва Bloomberg, польскі бок прыстрашыў Кітай спыненнем чыгуначнага транзіту яго тавараў праз Беларусь у Еўропу, калі Пекін не паўплывае на рэжым Лукашэнкі ў пытанні нелегальнай міграцыі на польска-беларускай мяжы.
Тым самым Польшча намацала стратэгічную ўразлівасць і Кітая, і рэжыму Лукашэнкі, бо пасля перамоў плынь мігрантаў на мяжы рэзка скарацілася, паведамляе агенцтва.
З-за вайны ва Украіне Беларусь стала адзіным асноўным чыгуначным шляхам для кітайскіх тавараў у Еўразвяз, што ўзмацніла яе транзітную ролю, асабліва на фоне нестабільнасці ў Чырвоным моры праз атакі хусітаў. Гэтая акалічнасць давала Лукашэнку магчымасць часткова кампенсаваць залежнасць Беларусі ад Расеі ў галіне энэргетыкі і фінансаў.
Згодна з данымі Bloomberg, у першым квартале 2024 года аб'ём кантэйнерных перавозак з Кітая праз Беларусь павялічыўся на 89 адсоткаў.
Кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі ў інтэрв'ю агенцтву зазначыў, што Польшча працягвае выкарыстоўваць пагрозу закрыцця транзіту для ціску на Менск, асабліва пасля інцыдэнту з забойствам польскага салдата на мяжы.
Кітайскі МЗС у адказ заявіў, што спадзяецца на развязанне польска-беларускіх супярэчнасцяў праз дыялог, што дазволіць гарантаваць бяспеку і бесперабойнасць міжнародных лагістычных шляхоў.