Ізраіль адклаў увядзенне новых правіл уезду
- 24.07.2024, 17:46
- 3,594
У тым ліку для беларусаў.
Улады Ізраіля адклалі да 1 студзеня 2025 года ўвядзенне абавязковых платных электронных дазволаў (ETA) на ўезд у краіну. Аб гэтым паведаміла Міністэрства турызму краіны, піша Office Life.
Раней анансавалі, што з 1 жніўня 2024 года грамадзянам Беларусі і іншым бязвізавым для Ізраіля краінам для кароткатэрміновых паездак (турыстычных, гасцявых, дзелавых) трэба будзе атрымліваць спецыяльны дазвол ETA-IL. Ён будзе дзейнічаць цягам двух гадоў або да даты заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта - у залежнасці ад таго, што наступіць раней. Падача такой заяўкі будзе каштаваць 25 шэкелей (крыху менш за $7).
Цяпер жа Міністэрства турызму Ізраіля заявіла, што сайт для афармлення ETA пачаў працу ў тэставым рэжыме з 1 чэрвеня 2024 года і цягам гэтага перыяду Управа народанасельніцтва і міграцыі атрымала шэраг запытаў аб пераглядзе даты пераходу ад тэставага рэжыму да працоўнага.
У ведамстве ўдакладнілі, што ў асноўным такога кшталту запыты накіравалі авіякампаніі, якія адзначалі, што ім патрэбны дадатковы час для падрыхтоўкі і ўкаранення неабходных тэхналагічных сістэм.
У выніку ўлады Ізраіля пастанавілі падоўжыць тэставы рэжым яшчэ на пяць месяцаў - да 1 студзеня 2025 года. Да гэтай даты афармленне ETA будзе добраахвотным і бясплатным.