31 кастрычнiка 2024, Чацвер, 8:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто першым здрадзіць Лукашэнку

7
Хто першым здрадзіць Лукашэнку

Развязка будзе ў стылі Хрушчова і Сталіна.

“Мы павінны шанаваць, што ў нас сёння такі кіраўнік у краіне, лідар наш. Нацыянальны лідар, я мяркую. Ён не любіць, дарэчы, калі яго хваляць, страшна”, – надоечы заяўляла Наталля Качанава, згадвае «Салiдарнасць».

Нягледзячы на гэта, старшыня Савета рэспублікі практычна штодзень "рызыкуе галавой". Вось і днямі...

Усе гэтыя гады Вы разам з народам. Сапраўдны Кіраўнік дзяржавы, народны лідар, бацька нацыі, чалавек, беззапаветна адданы сваёй краіне і свайму народу, які цалкам прысвяціў сябе служэнню нацыянальным інтарэсам і робіць усё магчымае, а часам і немагчымае дзеля захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, няўхільнага падвышэння яе дабрабыту і ўмацавання аўтарытэту на геапалітычнай арэне. Вы - выбітны палітык сусветнай велічыні, роўных якому сёння практычна няма.

Шчыра кажучы, такія дыфірамбы Аляксандра Лукашэнку хутчэй дыскрэдытуюць. Чалавек, якому падабаецца гэтак яўная і непрыкрытая ліслівасць, выклікае ў найлепшым выпадку кпіны. Па-сапраўднаму моцнаму лідару і самадастатковай асобе такое апяванне не толькі не патрэбнае, але і брыдкае.

Да нядаўняга часу Качанава ўсіх канкурэнтаў у гэтай частцы пакідала далёка ззаду. Але зараз спаборніцтва становіцца значна больш вострым.

Каб дагадзіць босу, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Дзмітрый Круты зайшоў зусім ужо далёка: “Наш лідар Аляксандр Лукашэнка пытаўся, за што Гасподзь паслаў Беларусі такое выпрабаванне ў выглядзе ўрагану. Адказ вельмі просты. Магчыма, гэта для таго, каб Прэзідэнт пацешыўся, што створаная ім за 30 гадоў сістэма выстаяла, вытрымала”.

Гэта значыць, паводле версіі чыноўніка, Усявышні паслаў буру, падчас якой загінулі людзі, каб узняць настрой Лукашэнкі. Гэта ўжо блюзнерства ў квадраце. Зрэшты, прравадыр сам паказаў, што яму такія рэчы падабаюцца, у свой час усмешкай адрэагаваўшы на знакамітае выказванне: "Вы крыху вышэй за Бога".

Куды танчэй дзейнічае Іван Галаваты. Каб выслужыцца перад Аляксандрам Лукашэнкам, гендырэктар "Беларуськалія" з утульнага крэсла ў камфортным кабінеце перасеў на камбайн.

Афіцыйны канал прадпрыемства паведамляе: «Двухтысячны рубеж у намалоце збожжа першым у раёне перасягнуў наш экіпаж! Нагадаем, з першых дзён жніва на хлебнай ніве працуе экіпаж камбайна ў складзе генеральнага дырэктара Беларуськалія Івана Галатага і намесніка генеральнага дырэктара ў МТА Сяргея Пратасені”.

Генеральны дырэктар “Беларуськалія” добра ведае, што для Лукашэнкі ўсё, звязанае з сельскай гаспадаркай – фетыш. Таму замест таго, каб займацца праблемамі прадпрыемства, асабіста ўдзельнічае ў “бітве за ўраджай”. А каб улагодзіць правадыра цалкам, Галаваты страляе дуплетам - вешае на камбайн чырвона-зялёны сцяг.

У нармальных умовах топ-мэнэджара, які ахвяруе асноўным кірункам дзейнасці дзеля таго, дзе без яго лёгка абыдуцца, адразу звольнілі б. Але сёння Галаваты такой штукай, наадварот, забяспечвае сабе прыхільнасць Лукашэнкі.

Аднак ніхто не бывае ў фаворы вечна - Юрый Чыж не дасць схлусіць. Стварэнне "Трайпл-Агра" не выратавала яго ад сумы і турмы.

Пакуль шоу "Дагадзі Лукашэнку" толькі набірае абароты. І мы яшчэ ўбачым нямала ганебнага. Але развязка гісторыі з чарговым "культам асобы" прадказальная.

Мікіта Хрушчоў скакаў гапак, каб дагадзіць Іосіфу Сталіну, а потым кляйміў яго як злачынцу, які нясе персанальную адказнасць за масавыя катаванні і расстрэлы. У першых шэрагах будучых выкрывальнікаў Лукашэнкі апынуцца тыя, хто сягоння гучней за ўсіх спявае яму асанну.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках