30 снежня 2024, панядзелак, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карбалевіч: Такой закрытай сустрэчы паміж Пуціным і Лукашэнкам яшчэ не было

31
Карбалевіч: Такой закрытай сустрэчы паміж Пуціным і Лукашэнкам яшчэ не было

І на тое ёсць прычыны.

Трохдзённыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на востраве Валаам на поўначы Расеі прайшлі амаль у поўным інфармацыйным вакууме. Дзеля чаго спатрэбілася гэтая раптоўная сустрэча пасярод сезону летніх адпачынкаў, піша Валер Карбалевіч у артыкуле для «Радыё Свабода».

25 ліпеня Лукашэнка нечакана прыляцеў да Пуціна на Валаам — востраў пасярод Ладажскага возера ў Карэліі. Яны наведалі манастыр і потым амаль на цэлы дзень зніклі з публічнай прасторы. Як паведаміла БелТА, Лукашэнка і Пуцін «працягнулі размову ў закрытым фармаце». У сярэдзіне дня, 26 ліпеня, з'явілася кароткае відэа і фота іх шпацыру. Дзень 28 ліпеня прайшоў у поўным інфармацыйным вакууме.

У гісторыі двухбаковых стасункаў Лукашэнкі і Пуціна і раней здараліся працяглыя спатканні па тры дні. Моцна заняты важнымі дзяржаўнымі справамі расейскі кіраўнік не шкадуе часу на перамовы з беларускім візаві.

Але не было такой закрытай сустрэчы. Нават на пратакольныя здымкі на пачатку перамоў журналістаў не дапусцілі. Такая крыху незвычайная інфармацыйная таямнічасць можа сведчыць аб напружаным характары перамоў. І на тое ёсць прычыны.

Можа, упершыню з пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў беларуска-расейскіх стасунках назапасіўся шэраг канфліктных вузлоў, якія патрабуюць развязання. І расейскі прэзідэнт выклікаў Лукашэнку «на дыван», — гэта значыць, на Валаам. Прынамсі, выслухаць тлумачэнні.

13 ліпеня Лукашэнка наведаў вайсковую частку ў Лунінецкім раёне і нечакана вызначыўся каскадам міралюбівай рыторыкі на адрас Украіны, якой не было чуваць з пачатку расейскай агрэсіі: «Цяпер у нас ускладненняў ніякіх няма з украінцамі. Спадзяюся, не будзе. Мы ніякія не ворагі для ўкраінцаў». І абвясціў аб адводзе беларускіх вайскоўцаў ад украінскай мяжы.

Гэта не магло спадабацца кіраўніцтву Расеі. У адказ расейскія Z-блогеры назвалі Лукашэнку «здраднікам». А на тэрыторыю Беларусі раптам пачалі залятаць расейскія «шахеды». Многія эксперты палічылі гэта папярэджаннем з Масквы.

Увядзенне Беларуссю «бязвізу» для грамадзян 35 краін Еўропы таксама магло выклікаць незадаволенасць Расеі, бо беларуска-расейская мяжа, мякка кажучы, адкрытая: усе, хто прыехаў у Беларусь, у прынцыпе, могуць лёгка трапіць у Расею. А падчас вайны звычайна межы закрываюць, а не адкрываюць: на тое ёсць цалкам зразумелыя аб'ектыўныя чыннікі.

Нарэшце яшчэ адзін вузел, які ўмоўна можна назваць кітайскім. Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна ў Астане на палях саміту ШАС Лукашэнка заявіў, што падтрымлівае кітайскі мірны план заканчэння вайны ва Украіне. Гэты тэзіс паўтарыў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў падчас візіту ў КНР.

А, як вядома, Уладзімір Пуцін не згодзен з планам урэгулявання ваеннага канфлікту, які прапануе Пекін.

І нарэшце – пра намер абмеркаваць з Пуціным тэму вайны ва Украіне і магчымага замірэння Лукашэнка казаў падчас наведвання вайсковай часці ў Лунінецкім раёне 13 ліпеня. Сёння гэта самае актуальнае пытанне. Аб мірных перамовах зараз гавораць усе і на Захадзе, і на Усходзе. Ідзе дыскусія аб умовах замірэння. І Лукашэнка хацеў бы неяк удзельнічаць у гэтым працэсе, каб выйсці з вайны з палітычным прыбыткам, атрымаць «дывідэнды свету». Але, як вядома, «хацець не шкодна».

Яшчэ адна тэма: умовы вызвалення нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, асуджанага беларускім судом да смяротнага пакарання. Пытанне: чаго патрабаваць ад Нямеччыны?

Працяглая гісторыя сустрэч Лукашэнкі з Пуціным дае падставы бачыць пэўныя заканамернасці. Адна з іх палягае ў тым, што калі няма ніякіх паведамленняў для СМІ, маўчаць прэс-службы дыктатараў, то гэта сведчыць, хутчэй за ўсё, пра сур'ёзныя рознагалоссі падчас перамоў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках