ЗША заклікалі безумоўна вызваліць усіх беларускіх палітвязняў
5- 3.07.2024, 9:10
- 6,542
![ЗША заклікалі безумоўна вызваліць усіх беларускіх палітвязняў](https://i.c97.org/ai/347513/aux-head-1567832788-20190907_flag_ssza_360.jpg)
Дзяржсакратар Энтані Блінкен падкрэсліў мужнасць вязняў рэжыму Лукашэнкі.
Дзяржсакратар Энтані Блінкен ад імя Злучаных Штатаў Амерыкі павіншаваў народ Беларусі «з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці».
У віншаванні адзначаецца, што і тыя, хто жыве ў Беларусі, і тыя, хто вымушана знаходзіцца ў выгнанні, заслугоўваюць «магчымасці выбіраць сваю ўласную будучыню». Блінкен падкрэсліў, што дзейнасць беларусаў, якія дамагаюцца пабудовы грамадства, свабоднага ад гвалту і рэпрэсій, іх адданасць забеспячэнню лепшага жыцця для народу, з'яўляюцца натхняльным прыкладам для ўсяго свету.
«Мы шануем мужнасць беларускіх палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў палоне проста за спробу рэалізаваць свабоды, якія, як мяркуецца, нясе незалежнасць. Мы заклікаем да іх безумоўнага вызвалення, і нашы думкі з іх блізкімі ў гэты дзень», – гаворыцца ў віншаванні.
«Мы падтрымліваем тых, хто асвятляе шлях да незалежнай, дэмакратычнай і суверэннай Беларусі, і мы працягнем узвышаць іх галасы, пакуль яны мужна перажываюць гэтыя цяжкія часы», – дадаў Блінкен.