6 лiпеня 2024, Субота, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуціну паведамілі аб адсутнасці ў РФ сучаснага абсталявання для здабычы нафты

11
Пуціну паведамілі аб адсутнасці ў РФ сучаснага абсталявання для здабычы нафты
КАЛАЖ: NV.UA

Санкцыі дабіваюць нафтавую галіну.

Расейская нафтавая галіна, якая забяспечвае палову ўсяго экспартнага даходу эканомікі і блізу траціны даходаў федэральнага бюджэту, застаецца залежнай ад замежнага абсталявання. Пра гэта на сустрэчы з Пуціным у Крамлі паведаміў Аляксандр Дзюкаў - старшыня праўлення «Газпром нафты», трэцяй па аб'ёмах здабычы нафтавай кампаніі РФ, піша The Moscow Times.

Са слоў Дзюкава, выхадца з дзелавой эліты Санкт-Пецярбурга 1990-х, які стаў даляравым мільянерам пасля прыходу Пуціна да ўлады, цяпер нафтавікам бракуе блізу 200 пазіцый рознага абсталявання.

Гэта прыкладна 14% ад 1400 адзінак рознай тэхнікі і абсталявання, якое, як заявіў Дзюкаў, неабходнае, каб «нафту знайсці, здабыць і перапрацаваць».

Каб ліквідаваць гэтую залежнасць і распрацаваць айчынныя аналагі імпартных тэхналогій, спатрэбіцца не менш як тры гады і трыльён рублёў, паведаміў Дзюкаў прэзідэнту. «Мы ставім перад сабой задачу да 2027 года гэты дэфіцыт ліквідаваць, што тычыцца абсталявання», – цытуе топ-мэнэджара прэс-служба Крамля.

Пасля пачатку вайны з Украінай і заходніх санкцый, якія забаранілі пастаўкі ў Расею тэхналогій для нафтаздабычы, з РФ сышлі найбуйнейшыя заходнія нафтасэрвісныя кампаніі - Halliburton, Schlumberger і Baker Hughes, з дапамогай якіх у краіне ўдалося аднавіць здабычу пасля абрынання ў апошнія гады СССР.

Зрэшты, «вялікая тройка» нафтасэрвісу, якая да вайны займала 20% расейскага рынку, адказваючы ў асноўным за высокатэхналагічны сегмент, працягвае працаваць у РФ, заканчваючы падпісаныя да вайны кантракты: Halliburton і Baker Hughes прадалі бізнэс у краіне мэнэджмэнту расейскіх падраздзяленняў.

Пакуль расейскім нафтавікам удаецца ўтрымліваць здабычу стабільнай: летась яна склала 530 млн тон і асела толькі на 1% год да года. Аднак доўгатэрміновыя перспектывы галіны выглядаюць туманнымі: пры тым што запасы нафты ў Расеі ацэньваюцца на 19 млрд тон, доля нерэнтабельных пакладаў імкліва павялічваецца, паказвае нафтагазавы эксперт Міхаіл Круціхін.

«Сёння для ўздыму на паверхню аднаго і таго ж аб'ёму нафты прамыслоўцам у Заходняй Сібіры даводзіцца свідраваць у дзесяць разоў больш свідравін, чым, напрыклад, у 2015 годзе, а здабыча ўсё адно падае. Даўно ўведзеныя ў эксплуатацыю промыслы даведзеныя да такога стану ўзмоцненым запампоўваннем у пласт вады, што на вусці свідравіны атрымліваецца вадкасць, якая змяшчае не больш за 5% нафты», - паказвае Круціхін.

Адкрытыя яшчэ ў часы СССР радовішчы высільваюцца, а новых з таннай і лёгкай у здабычы нафтай выявіць не ўдаецца. Летась на дзяржаўны баланс былі пастаўленыя 43 радовішчы нафты і газу, але нафтавыя радовішчы ў масе выявіліся альбо «дробнымі» (запасы да 5 млн тон), альбо «вельмі дробнымі» (менш за 1 млн тон). Іх сумарныя запасы склалі толькі 43 млн тон нафты, што складае месяц цяперашняй расейскай здабычы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках