6 лiпеня 2024, Субота, 5:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вучыч назваў ЗША гістарычным хаўруснікам Сербіі

8
Вучыч назваў ЗША гістарычным хаўруснікам Сербіі

Прэзідэнт Сербіі ўсадзіў нож у спіну Пуціна.

Сербія і ЗША з'яўляюцца «хаўруснікамі ў вызначальныя гістарычныя моманты», заявіў сербскі прэзідэнт Аляксандр Вучыч у рамках прыёму ў амерыканскай амбасадзе з нагоды святкавання Дня незалежнасці Злучаных Штатаў. Тэкст заявы Вучыча апублікаваны ў яго Instagram.

Бялград і Вашынгтон маюць «даўнія партнёрскія стасункі», адзначыў кіраўнік дзяржавы: «Я спадзяюся, што мы прадоўжым развіваць нашы стасункі, заснаваныя на ўзаемнай павазе і разуменні».

Дзень незалежнасці ЗША Вучыч назваў «адным з самых важных момантаў у гісторыі Злучаных Штатаў, калі прынцыпы свабоды, дэмакратыі і роўнасці былі закладзеныя ў аснову амерыканскага грамадства». «Гэты дзень таксама служыць напамінам аб прыхільнасці да свабодалюбнага духу і справядлівасці, якія з'яўляюцца асновай годнага мінулага, сучаснасці і будучыні Сербіі», – падкрэсліў прэзідэнт.

У чэрвені стала вядома, што Сербія паставіла заходнім краінам боепрыпасы, частка якіх потым была рээкспартаваная ва Украіну. Паводле звестак FT, такім чынам УСУ атрымалі снарады на € 800 млн. Пазней Аляксандр Вучыч назваў гэтую суму «ў цэлым дакладнай». Паводле ягоных словаў, размова ідзе пра паказнік за два-тры гады. Прэзідэнт падкрэсліў, што продаж боепрыпасаў – гэта бізнэс, неабходны для «эканамічнага адраджэння» Сербіі, і такія пастаўкі не азначаюць, што ён займае чый-небудзь бок у канфлікце.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што яго не датычыцца, куды трапляюць снарады. «Я павінен клапаціцца пра сваіх людзей, і гэта ўсё», – падкрэсліў Вучыч. Таксама ён анансаваў павелічэнне аб'ёму паставак сербскай зброі ў іншыя краіны.

Праз некалькі дзён «Коммерсант» са спасылкай на знаёмыя з сітуацыяй крыніцы ў Бялградзе паведаміў, што адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну абаронныя прадпрыемствы Сербіі перайшлі на працу ў тры змены, каб вырабляць зброю, якая потым паступае Кіеву. У Крамлі, у сваю чаргу, заявілі, што «будуць разбірацца» з Бялградам наконт паставак зброі Украіне. У расейскім МЗС паведамілі пра пачатак перамоваў з сербскім бокам у пытанні бяспекі.

Пасля развязвання Уладзімірам Пуціным поўнамаштабнай вайны ва Украіне ад Расеі сталі аддаляцца многія яе найбліжэйшыя хаўруснікі. У іх ліку – Сербія. У кастрычніку летась Аляксандр Вучыч у інтэрв'ю тэлеканалу CNN заявіў, што прыярытэтам для ягонай краіны цяпер з'яўляецца ўступленне ў ЕЗ. Гаворачы пра сітуацыю з Косава, ён указаў, што Сербія зацікаўленая ў дасягненні міру і адданая перамовам. Прэзідэнт адзначыў, што адкрыты да абмеркавання ўсіх пытанняў з партнёрамі, у тым ліку «еўрапейскімі і амерыканскімі сябрамі».

Улетку 2023 года на тэрыторыі Сербіі прайшлі вучэнні «Плацінавы воўк», у якіх, акрамя сербскіх вайскоўцаў, удзельнічалі вайскоўцы з ЗША і шэрагу іншых краінаў NATO.

Сёлета Сербія трапіла ў лік краінаў, якія падпісалі выніковае камюніке мірнага саміту пра Украіну. Сярод іншага, у дакуменце гаворыцца, што ўдзельнікі саміту пацвярджаюць сваю прыхільнасць да прынцыпаў абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці любых дзяржаваў, у тым ліку Украіны, у міжнародна прызнаных межах, а таксама прынцыпаў развязання канфліктаў мірным шляхам. Падпісанты таксама пацвярджаюць сваю прыхільнасць дэкларацыям ААН, згодна з якімі дзяржавы абавязаныя ўстрымлівацца ад выкарыстання сілы супраць тэрытарыяльнай недатыкальнасці або палітычнай незалежнасці любой краіны, а тэрыторыі, набытыя з дапамогай сілы або пагрозы яе ўжывання, не павінны прызнавацца законнымі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках