6 лiпеня 2024, Субота, 8:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзясяткі краінаў у ААН заклікалі ўзмацніць ціск на беларускія ўлады

10
Дзясяткі краінаў у ААН заклікалі ўзмацніць ціск на беларускія ўлады

У РПЧ ААН прайшло абмеркаванне даклада аб правах чалавека ў Беларусі.

3 ліпеня на 56-й сесіі Рады ААН у правах чалавека адбыўся інтэрактыўны дыялог пра Беларусь.

Анаіс Марэн, спецыяльная дакладніца пра сітуацыю ў сферы правоў чалавека ў Беларусі, агучыла новы даклад пра сітуацыю ў краіне.

Прадстаўнікоў афіцыйнага Менска на сустрэчы не было. Падчас абмеркавання даклада ніводная краіна не ўстала на абарону рэжыму Лукашэнкі.

Пасля прэзентацыі даклада, падчас яго абмеркавання ўсе, хто выступаў ад імя сваіх краінаў, аб'яднанняў або арганізацый, у той ці іншай форме выказалі занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі – знішчэннем грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, пераследам журналістаў і праваабаронцаў, адвольнымі арыштамі, жорсткім, бесчалавечным абыходжаннем, катаваннямі і смерцямі ў турмах, становішчам палітвязняў, ціскам на грамадзянаў унутры Беларусі і за мяжой, паведамляе «Радыё Свабода».

Яны заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў, пачаць супрацоўнічаць з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі і спыніць спрыянне расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс ад імя краінаў Паўночнай Еўропы заявіў, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, а рэпрэсіі, некаторыя з якіх можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці, «дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню». Ён заклікаў узмацніць ціск на беларускія ўлады з мэтай прымусіць іх выканаць свае абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, паколькі беспакаранасць «толькі заахвочвае беларускія ўлады да ўчынення злачынстваў».

У Еўразвязе выказалі занепакоенасць «масавым прыгнечаннем правоў чалавека ва ўсіх сферах беларускага грамадства».

Польшча, сярод іншага, звярнула ўвагу на ўзмацненне ціску пасля ўступлення Беларусі ў «новы выбарчы цыкл», выказала занепакоенасць з нагоды «пераследаў прадстаўнікоў меншасцяў у Беларусі, у тым ліку польскай меншасці».

Чэхія падкрэсліла, што «больш за 4% усіх затрыманых журналістаў у свеце» знаходзяцца ў турмах у Беларусі і што Менск павінен «гарантаваць бяспечнае асяроддзе, у якім грамадзянская супольнасць можа ажыццяўляць сваю працу без запалохвання, перашкодаў або актаў адплаты».

ЗША звярнулі ўвагу на тое, што беларускія ўлады «інтэрнацыяналізуюць свой ціск, прыгнятаюць беларусаў за мяжой» за рэалізацыю сваіх правоў і свабодаў, у тым ліку праз завочны крымінальны пераслед, канфіскацыю маёмасці, ціск на іх сем'і ўнутры краіны. Вашынгтон заклікаў рэжым Лукашэнкі «ўступіць у мірны дыялог пра дэмакратыю і будучыню Беларусі».

Канада звярнула ўвагу на «прыгнёт актывістаў і іх сем'яў у краіне і за мяжой», выказала захапленне «ўпартасцю і мужнасцю беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратычнае і расквітнелае грамадства» і паабяцала прадаўжаць падтрымліваць беларускі народ.

Вялікая Брытанія была «шакаваная ступенню прыгнёту і рэпрэсій» у Беларусі. Лондан заклікаў Менск выслухаць даклад Марэн і «аднавіць грамадзянскую супольнасць».

Ліхтэнштэйн выказаў шкадаванне наконт таго, што парламенцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 года не назіраліся прадстаўнікамі АБСЕ, і заклікаў да супрацоўніцтва са спецдакладніцай Рады ААН у правах чалавека – «шляхам надання доступу ў краіну і выканання рэкамендацый», а таксама іншых міжнародных механізмаў, «у тым ліку напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2025 года».

Францыя асудзіла «непрымірымасць беларускіх уладаў у адносінах да любой формы крытыкі» і выказала шкадаванне ў сувязі з «ціскам на грамадзянаў за мяжой у святле спынення выдачы дакументаў консульскімі органамі, завочнымі судамі».

Славенія заклікала Беларусь «рэалізаваць правы і свабоды сваіх грамадзянаў у адпаведнасці з міжнароднымі абавязальніцтвамі», спыніць практыку незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны.

Бельгія, сярод іншага, асудзіла практыку ўжывання смяротнага пакарання, заклікала Беларусь «гарантаваць свабоду аб'яднанняў і спыніць зачыстку грамадзянскай прасторы ад непажаданых арганізацый з прычыны так званай нелаяльнасці».

Люксембург выказаў занепакоенасць з нагоды «заканадаўчага замацавання практыкі жорсткага абыходжання з грамадзянамі», а таксама дазволу вайскоўцам ужываць зброю супраць грамадзянаў і зняцця з іх адказнасці ў выпадку смерці апошніх.

Гішпанія адзначыла, што «нястача свабодаў у краіне пагаршаецца ператварэннем антытэрарыстычнага і антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў інструмент рэпрэсій супраць усіх, хто не прытрымліваецца афіцыйнай лініі».

Кіпр асудзіў «сістэматычныя парушэнні правоў чалавека» ў Беларусі, а таксама «гібрыдную атаку» Менска на знешнія межы ЕЗ з дапамогай мігрантаў.

Албанія выказала салідарнасць з беларускай грамадзянскай супольнасцю і запэўніла, што «прадоўжыць падтрымліваць яе ў барацьбе за вяршэнства закона» і ператварэнне Беларусі ў «краіну, дзе кожны можа ажыццяўляць свае правы без дыскрымінацыі».

Балгарыя заклікала Менск спыніць мілітарызацыю беларускага грамадства, «асабліва моладзі і дзяцей».

Аўстрыя заклікала рэжым Лукашэнкі «выконваць правы чалавека, прытрымлівацца прынцыпаў вяршэнства закона і дэмакратыі, пачаць расследаванне выпадкаў смерці, жорсткага абыходжання ў турмах, расследаваць практыку пераследу паводле палітычных матываў».

Швэйцарыя заявіла, што беларускае заканадаўства скарэктаванае з мэтай «апраўдаць дыскрымінацыю і нецярпімасць, рэпрэсіі супраць іншадумцаў унутры краіны і за мяжой», і заклікала «дэкрыміналізаваць дзейнасць незарэгістраваных арганізацый, спыніць адвольна таўраваць арганізацыі экстрэмісцкімі».

Румынія выказалася ў падтрымку імкнення беларускага народа мець «вольную, незалежную, дэмакратычную краіну» і нагадала, што «выкананне абавязальніцтваў у міжнародным праве з'яўляецца абавязкам і адказнасцю кожнай дзяржавы, Беларусь не можа быць выключэннем».

Малдова заклікала Менск «уступіць у празрысты дыялог з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі».

Славакія адзначыла «трывожную дынаміку парушэнняў правоў чалавека» ў Беларусі і заявіла, што рэжым Лукашэнкі «павольна, але дакладна душыць іншадумства».

На думку Украіны, Беларусь «наблізілася да трывожнай крытычнай стадыі». У Кіеве падкрэслілі, што «простае выказванне супраць палітыкі Лукашэнкі» і «публічнае асуджэнне агрэсіі Расеі супраць Украіны» вядуць да турэмнага зняволення.

Арменія заявіла, што «дэфіцыт дэмакратыі» ў Беларусі і «вельмі абмежаваная грамадзянская прастора» наўпрост уплываюць на бяспеку ў рэгіёне, а пастаўкі зброі з Беларусі «спрыяюць гвалту, вайне, этнічным чысткам і грубым парушэнням правоў чалавека».

Пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (у тым ліку правамі дзяцей, жанчынаў, пацыфістаў, юрыстаў) канстатавалі прадстаўнікі шэрагу няўрадавых арганізацый – Human Rights Foundation, World Residence' International, International Bar Association, Lawyers for Human Rights, Center for Global Nonkilling, Civicus, Conscience and Peace Tax International, Міжнародная камісія юрыстаў, Міжнародная федэрацыя людскога права, human ights Watch.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках