6 лiпеня 2024, Субота, 8:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва Украіне вынеслі завочны прысуд нараджэнцу Беларусі, камандзіру Чарнаморскага флоту РФ

9
Ва Украіне вынеслі завочны прысуд нараджэнцу Беларусі, камандзіру Чарнаморскага флоту РФ
АЛЯКСАНДР ВІТКО

Аляксандр Вітко нарадзіўся ў Віцебску.

Аляксандр Вітко нарадзіўся ў Віцебску, ягоныя дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Оршы. Крымінальную справу супраць яго распачалі ў 2014 годзе, піша «Радыё Свабода».

Кіеўскі апеляцыйны суд пацвердзіў прысуд, вынесены завочна камандзіру Чарнаморскага флоту Расеі Аляксандру Вітко, аб пазбаўленні волі на 15 гадоў за ваенную акупацыю Крыма.

Апеляцыю на прысуд, вынесены ў траўні 2023 года, падаў адвакат Аляксандра Вітко. Тэрмін адбывання пакарання пачне адлічвацца з дня ягонага затрымання.

Камандзіра Чарнаморскага флоту (ЧФ) Расеі, які нарадзіўся ў 1961 годзе ў Віцебску, абвінавачвалі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса Украіны. Канчатковае пакаранне прызначылі паводле сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага больш строгім пакараннем.

Згодна з прысудам, Аляксандр Вітко цягам лютага – сакавіка 2014 года «спланаваў, падрыхтаваў і арганізаваў разгрупаванне ваенных падраздзяленняў Расеі, якія ажыццявілі ўварванне на тэрыторыю Крыма, і забяспечыў маскіроўку вайскоўцаў ЧФ Расеі для вядзення агрэсіўнай вайны супраць Украіны».

Акрамя таго, яго абвінавачвалі ў планаванні і вызначэнні аб'ектаў, якія спачатку заблакавалі, а потым захапілі.

«Такім чынам, ён здзейсніў у папярэдняй змове з групай асобаў дзеянні планавання і падрыхтоўкі агрэсіі супраць Украіны, чым забяспечыў ваенную акупацыю Крыма, што прывяло да цяжкіх наступстваў у выглядзе парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і нанясення шкоды ў выглядзе страты аб'екта дзяржаўнай уласнасці памерам больш за 1080352 мільёны грыўняў», – адзначаецца ў пастанове суда.

Гэтую суму, эквівалентную больш як 27 мільярдам даляраў, суд пастанавіў спагнаць з камандзіра Чарнаморскага флоту Расеі.

У той самы час Апеляцыйны суд прызнаў Аляксандра Вітко «невінаватым у прад'яўленым яму абвінавачанні паводле ч. 1 артыкула 111 Крымінальнага кодэкса Украіны (эпізод падрыўной дзейнасці) і апраўдаў у сувязі з недаказанасцю гэтага крымінальнага правапарушэння».

Аляксандр Вітко нарадзіўся ў Віцебску, ягоныя дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Оршы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках