31 лiпеня 2024, Серада, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT даведалася аб новых схаваных допінг-выпадках у камандзе Кітая ў плаванні

NYT даведалася аб новых схаваных допінг-выпадках у камандзе Кітая ў плаванні

Дадатную допінг-пробу спісалі на з'едзеныя спартоўцамі гамбургеры.

Два галоўныя кітайскія плыўцы, уключаючы адну спартоўку, якая ўвайшла ў склад каманды на Алімпіядзе ў Парыжы, у 2022 годзе здалі станоўчы допінг-тэст на забароненае рэчыва, але кітайскія ўлады таемна знялі з іх абвінавачанні ў выкарыстанні допінгу. Аб гэтым паведамляе New York Times.

Пасля працяглага расследавання кітайскія ўлады не змаглі дакладна вызначыць, як у пробах спартоўцаў з’явілася гэтае рэчыва, анабалічны стэроід, але прыйшлі да высновы, што яны, хутчэй за ўсё, зрабілі гэта ненаўмысна, калі елі гамбургеры ў рэстарацыі ў Пекіне. Кітайскі бок падкрэсліў у сваім тлумачэнні Сусветнаму антыдопінгаваму агенцтву (WADA), што забароненае рэчыва было знойдзена ў мінімальнай колькасці і гэты ўзровень адпавядае бытавому забруджванню допінг-пробы, а не наўмыснаму выкарыстанню допінгу.

NYT адзначыла, што WADA пастанавіла не абскарджваць пастанову кітайскай стараны ў гэтым пытанні, хаця прынамсі адзін экспэрт агенцтва не быў перакананы ў тлумачэнні з забруджваннем допінг-проб.

Адной з гэтых двух кітайскіх плыўцоў была Тан Мухань, алімпійская чэмпіёнка Токіё ў эстафеце 4х200 вольным стылем, якая павінна выступіць у Парыжы. Імя другога плыўца не называецца.

У WADA заявілі, што "разгледзелі ўсе матэрыялы гэтай справы са значным скептыцызмам і ўсёй належнай абачлівасцю і ў выніку не было ніякіх доказаў, каб аспрэчыць сцэнар бытавога забруджвання, прадстаўлены спартоўцамі і Кітайскім антыдопінгавым агенцтвам".

Гэта не першы скандал з кітайскімі плыўцамі і допінгам. У красавіку NYT напісала, што ў студзені 2021 года адразу 23 кітайскія спартоўцы здалі станоўчыя пробы на трыметазідзін, але іх дапусцілі на Алімпіяду ў Токіё. У WADA заявілі, што не змаглі знайсці доказаў, каб зняпраўдзіць довады Кітайскага антыдопінгавага агенцтва аб "бытавым забруджванні", і прызначылі незалежнага пракурора для новага расследавання.

У Антыдопінгавым агенцтве ЗША (USADA) пасля гэтага абвінавацілі WADA ва ўтойванні станоўчых допінг-пробаў кітайскіх плыўцоў. У USADA заклікалі да рэфармавання WADA.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках