31 лiпеня 2024, Серада, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Перад вызваленнем 10 дзён адкормлівалі ў катэджы пад Менскам»

9
«Перад вызваленнем 10 дзён адкормлівалі ў катэджы пад Менскам»

Украінка, якую абмянялі на расейскіх палонных, распавяла, як гэта было.

Людміла Ганчарэнка год правяла ў зняволенні ў Беларусі, яе абвінавацілі паводле артыкула аб агентурнай дзейнасці. Яе разам з яшчэ чатырма ўкраінцамі напрыканцы чэрвеня вызвалілі паводле працэдуры абмену ваеннапалоннымі. Яна распавяла «Нямецкай хвалі» аб умовах утрымання і абмене.

Людміла Ганчарэнка жыве ва ўкраінскім Чарнігаве, у яе двое сыноў. Старэйшаму — 14, малодшаму крыху больш за год. Украінка часта бывала ў Беларусі. Яе першы муж і бацька старэйшага сына - беларус. «Ездзілі то да яго, то да родных, то куплялі там нешта», - успамінае суразмоўца. Адзін з такіх прыездаў, улетку 2023 года, абярнуўся для жанчыны затрыманнем і годам у беларускай турме.

Са слоў Людмілы, звычайна ў Беларусь яна ўязджала праз Польшчу, аднойчы недалёка ад Берасця зняла лагер расейскіх вайскоўцаў, відэа адправіла ўкраінскім памежнікам. Суразмоўніца мяркуе, што беларускія сілавікі, якія правяралі яе тэлефон пры перасячэнні мяжы, выявілі гэтае відэа, а таксама фота расейскай вайсковай тэхнікі, зробленае ў студзені 2023. «Я нічога не выдаляла, нічога не хавала», - кажа Людміла.

Увечары 19 ліпеня 2023 года ў кватэру ў Берасці, якую жанчына зняла на час паездкі, прыехалі супрацоўнікі Гомельскага КДБ. Сілавікі затрымалі Ганчарэнку і яе родных, якія знаходзіліся ў Беларусі разам з ёй: сястру Наталлю Ярашэнку, непаўналетніх сына і пляменніка.

Наталля апынулася ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі. Дзяцей дапыталі, пасля яны знаходзіліся ў знаёмай Людмілы, з'ехаць з Беларусі змаглі толькі праз тыдзень. Аднак жанчына кажа, што ў КДБ пагражалі аддаць 13-гадовага сына ў дзіцячы дом.

Хлопчык, з яе слоў, таксама атрымаў моцную псіхалагічную траўму: яго дапытвалі, «вазілі на дэтэктар хлусні», «пужалі, што аддадуць у дзіцячы дом, калі не будзе праўду гаварыць», пагражалі пісталетам.

Сястра Людмілы, Наталля Ярашэнка, 147 дзён правяла ў Гомельскім ІЧУ, пасля яе дэпартавалі ва Украіну з забаронай на ўезд у РБ на пяць гадоў.

19 снежня 2023 года Людмілу Ганчарэнку прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 22 сакавіка 2024 года Людмілу адправілі ў жаночую калонію ў Гомелі. Таксама грамадзянку Украіны ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».

18 красавіка Людмілу выклікалі ў адміністрацыю калоніі для напісання прашэння аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. «Ужо было ўсё напісанае, трэба было толькі папрасіць прабачэння ў прэзідэнта і «беларускага народа», распісацца і паставіць дату», — удакладняе Ганчарэнка.

13 чэрвеня яе забралі з калоніі сілавікі з Менска: «Надзелі берушы, навушнікі, павязку, каб я не разумела, куды еду, рукі завязалі сцяжкамі», — расказвае Людміла.

Яе і яшчэ траіх украінцаў, якіх рыхтавалі да абмену на расейскіх палонных, прывезлі ў катэдж пад Менскам, і, паводле Ганчарэнкі, сталі «адкормліваць».

Побач увесь час знаходзіліся сілавікі: «Хто яны, мы не ведалі, яны маскі не здымалі, з намі не размаўлялі, толькі пыталіся, што нам трэба паесці ці папіць».

22 чэрвеня грамадзян Украіны зноў «павезлі». З размоў жанчына зразумела, што іх прывезлі ў СІЗА КДБ.

Там знаходзіўся фігурант справы аб выбуху ў Мачулішчах Мікалай Швец, якога таксама рыхтавалі да абмену. Далей, са слоў Ганчарэнкі, «ехалі з хуткасцю ветру», дарога заняла крыху больш за дзве гадзіны.

Калі мікрааўтобус спыніўся, увайшоў сілавік і сказаў, што «ў вас сёння другі дзень нараджэння», а таксама, што праз гадзіну яны будуць дома, бо іх памянялі на аднаго святара (мітрапаліта Яанафана (Ялецкіх) і на трох расейскіх ваеннапалонных).

Людміла кажа, што зараз пакрысе аднаўляецца, са здароўем усё больш-менш нармальна, толькі моцна пагошыўся зрок. Жанчына імкнецца праводзіць больш часу з малодшым сынам, якому на момант яе затрымання было менш за тры месяцы. Хлопчык пакуль да яе не да канца прывык, спіць па-ранейшаму з бабуляй.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках