31 лiпеня 2024, Серада, 21:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошты нафты абрынуцца: якім прэзідэнтам будзе Дональд Трамп

14
Кошты нафты абрынуцца: якім прэзідэнтам будзе Дональд Трамп
ДОНАЛЬД ТРАМП

Галоўнае з яго выказванняў аб эканамічнай і міжнароднай палітыцы.

Гутарка Bloomberg Businessweek з Дональдам Трампам паказала, што асноўныя рысы трампаномікі асабліва не будуць адрознівацца ад тых, што былі пры яго першай кадэнцыі. Новым будзе тое, з якой хуткасцю і эфектыўнасцю ён плануе ўкараняць задуманае.

Трамп уважае свае эканамічныя мэсэджы за самы найлепшы спосаб перамагчы дэмакратаў у лістападзе. Ён робіць стаўку на тое, што ягоныя планы па скарачэнні падаткаў і рэгулятарнага ціску і павелічэнні здабычы нафты спадабаюцца выбарцам нявызначаных штатаў настолькі, што яны падораць яму перамогу.

Першы тэрмін Трамп прадэманстраваў, што яму імпануюць стасункі тэт-а-тэт, што дае перавагу CEO і сусветным лідарам, у якіх з ім найлепшыя дачыненні. А вось яго ворагі застаюцца за бортам і, напэўна, са страхам чакаюць таго, што ён можа зрабіць.

Відавочна, што Трамп вельмі добра ўсведамляе гэтую сваю ўладу і мае намер ёю скарыстацца, канстатуе Bloomberg Businessweek.

Трампаноміка раўняецца нізкім стаўкам і падаткам, кажа Трамп журналістам. Гэта «неймавернае заахвочванне, якое дапамагае выконваць задачы і вяртаць бізнэс назад у нашу краіну», дадае ён.

«Я дазволю яму дапрацаваць свой тэрмін, асабліва калі я палічу, што ён паступае правільна», – кажа Трамп пра кіраўніка Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША Джэрома Паўэла, які можа займаць гэтую пасаду да траўня 2026-га.

Нягледзячы на папярэднюю заяву аб нізкай уліковай стаўцы, ён мяркуе, што Федэральная рэзервовая сістэма ЗША павінна ўстрымацца ад яе паніжэння да выбараў у лістападзе, каб не ўзмацняць эканоміку Байдэна. Уол-стрыт чакае двух скарачэнняў стаўкі да канца гэтага года, адно з якіх - менавіта перад выбарамі. «Яны ведаюць, што гэта не варта рабіць», - сказаў Трамп.

Трамп крытыкуе Байдэна за яго эканамічную палітыку і думае, што менавіта незадаволенасць высокімі коштамі і ўліковымі стаўкамі дазволіць перацягнуць на яго бок выбарцаў, якія традыцыйна не падтрымліваюць рэспубліканцаў, такіх як цемнаскурыя і лацінаамерыканскія мужчыны.

Трамп збіраецца зніжаць кошты, дзякуючы павелічэнню амерыканскай здабычы нафты і газу. «У нас больш вадкага золата, чым у каго-небудзь», – сказаў ён Bloomberg Businessweek.

Трамп перакананы, што жорсткая іміграцыйная палітыка з'яўляецца ключавой для павелічэння заробкаў унутры краіны і занятасці. Ён называе іміграцыйныя абмежаванні «самым вялікім фактарам з усіх», якія дапамогуць змяніць эканоміку.

Ён нагадаў, што ў 2017-м знізіў карпаратыўны падатак з 39% да 21% (насамрэч з 35% да 21%, удакладняе Bloomberg Businessweek), і паабяцаў зрабіць яго на ўзроўні 20%. «Я хацеў бы нават 15%», - дадаў ён.

У час інтэрв'ю кандыдат у прэзідэнты горача гаварыў аб падвышэнні падаткаў на імпарт не толькі з Кітая, але і з Еўрапейскага Звязу.

«Паверыць не магу, колькі людзей негатыўна настроены супраць падаткаў, якія насамрэч з'яўляюцца разумным развязаннем, - кажа ён. - А як жа яны карысныя для перамоў. Краіны, якія былі патэнцыйна вельмі варожа настроены, прыходзілі да мяне і казалі «сэр, калі ласка, завязвайце з падаткамі».

Акрамя новага падатку на кітайскія тавары, які будзе дасягаць ад 60 да 100 адсоткаў, ён установіць 10% на імпарт з іншых краін. Прычынай называе той факт, што іншыя краіны купляюць недастаткова амерыканскіх тавараў.

Bloomberg Businessweek адзначае, што Трамп успрымае гандаль як нешта асабістае. Ён кажа пра яго, як пра асабістыя перамовы паміж ім і непакорным замежным лідарам, які выдатна разумее, што выкарыстоўвае Штаты, а таму яго дзеянні трэба спыняць.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках